Слёз ‘струменьчык вады, які б’е з крыніцы’ (ТС). Да слізіць (гл.).
Слёзкі ‘дрыжнік, Briza L.’ (ТСБМ, Касп., Гарэц., Сл. ПЗБ, Кіс.), ‘расіца, Drosera rotundifolia L.’, слёзка ‘чорнагалоў, Prunella L.’ (Нас.), ‘фуксія’ (ушац., Жыв. сл.; ТС). Часта ў складаных назвах тыпу зязюліны слёзкі, параўн. слёзкі божэй ма́церы ‘гваздзік палявы’ (ТС), божыя слёзкі ‘тс’ (Кіс.), слёзкі авечыя ‘сачавіца’ (Сл. ПЗБ) і г. д. Аналагічна і ў іншых славянскіх мовах: рус. слёзки ‘гваздзіка, Dianthus deltoides’, кукушкины слёзки ‘дрыжнік’, чэш. slzy Panny Marie ‘тс’. Да сляза (гл.), мабыць, паводле формы каласкоў, круглявых або яйкападобных.
Слёзнік ‘чальчак, Lythrum salicaria L.’ (Ласт., Кіс., Мат. Гом.), іншая назва плаку́н (Ласт.). Да сляза (гл.), паводле Ластоўскага (Ласт., 799), “народ верыць, што ад яго плачуць ведзьмы і чэрці”; паводле Мат. Гом., “капае з ее сок”.