Слізі́ць ‘сачыцца’, ‘мокнуць (пра рану)’ (Сл. ПЗБ, ПСл), слі́зіць, слізі́ць ‘тс’ (ТС), сюды ж, відаць, і слю́знуць ‘прэць, гніць’ (Варл.). Параўн. укр. слизи́ти ‘сачыцца’, славац. sliziť ‘прапускаць вадкасць’, славен. slizéti ‘сачыцца’, серб.-харв. слизити ‘паціху цячы, сачыцца’, slíziti ‘тс’, балг. дыял. слизи ‘паціху прасочваецца праз якую-небудзь перашкоду, сочыцца’. Борысь (Czak. stud., 82) адносіць сюды і ўкр. сли́знути ‘таяць’, н.-луж. śliznuś ‘таяць, распускацца (пра снег, масла)’, старое польск. śliznąć ‘пакрывацца сліззю, рабіцца слізкім (пра мяса і інш.)’, śliżeć ‘станавіцца слізкім, вільготным (пра сала)’, славен. slizniti ‘таяць (пра снег, масла)’ і рэканструюе прасл. *sliziti ‘выдзяляць з сябе вільгаць, слізь’, што суадносіцца з *slizъkъ (з суф. ‑ъkъ), гл. слізкі, слізь. Параўн. БЕР, 6, 878; SEK, 4, 309.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)