Ле́тась ’у мінулым годзе’ (ТСБМ, Сцяшк., Касп., Шат., Гарэц., ТС, Мал., Грыг., КЭС, лаг; калінк., жлоб., гом., добр., рэч., Мат. Гом.; горац., маг., КЭС; аўгуст., Карл.), драг. лі́тюсь, літюся (З нар. сл.), лун., бяроз. ле́тося, ле́туся ’тс’ (Шатал., ТС), сакульск., гродз. ле́тось ’гэтага года’ (Кар., Труды) — апошняе, відавочна, пад уплывам польскай мовы. Укр. лі́тось, літісь, лєтось, польск. latoś ’сёлета’, н.-луж. lětos(a), в.-луж. lětsa, чэш. letos, letose, славен. lẹ́tos, серб. ле̏тос(ке), харв. ljȅtos, хварск. lȉos, макед. летоска, балг. лятос(ка), прасл. lěto‑se ’гэтага года’. Да лета (гл.) і ‑se, якое з займенніка ’гэты’. Яно прысутнічае ў постфіксах -сь, ‑сьці (калісьці). Больш падрабязна пра -сь гл. Сабалеўскі, РФВ, 71, 1904, 15–17; Абрэмбская–Яблонская, БЛ, 9, 16–19. Гл. таксама Слаўскі, 4, 73–75. Сюды ж ле́ташні ’мінулагодні’ (Некр., Бяльк., Касп., ТС, Шат., Сцяшк.), летышній (Грыг.), літёшны (Сіг.), драг. лі́тюшны(й) ’тс’ (З нар. сл.), ле́ташнік ’цялё, якому ідзе другі год’ (Касп.; глыб., рас., Сл. паўн.-зах., ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)