-сь — часціца, звычайна са значэннем нявызначанасці, у складзе займеннікаў і прыслоўяў тыпу хтось, ↑колісь, параўн. прыйшоў хтось, ўзяў штось, дай пашоў кудысь (Пятк. 2), якія далей могуць быць пашыраны часціцамі ‑ці (калісьці, чамусьці), ‑кі (хтоські, штоські, Мат. Маг.), ‑ка (у неякагосціка, Федар. 1) і інш. Укр. ‑сь, польск. ‑ś, чэш. ‑si (kdysi ’некалі’), славац. ‑si, в.-луж. ‑s, н.-луж. ‑sy (gdysy ’некалі, часамі’). З прасл. *si, кароткай формы Д. скл. зваротнага займенніка *sebe (гл. ↑сябе), гл. ESSJ SG, 2, 607; ESJSt, 13, 814; ЕСУМ, 5, 492. У беларускай мове Карскі (2–3, 90, 97) дапускае змяшэнне са зваротнай часціцай ↑-ся (гл.) пад уплывам польскай мовы.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)