Той — указальны займеннік м. р., у дэйксісе характарызуе аддалены ў прасторы і часе прадмет або з’яву (ТСБМ, Ласт., Гарэц., Некр. і Байк., Бяльк., Касп., Сл. ПЗБ, Бес., Ян.), тэй ’тс’ (Нас., Шымк. Собр.; бялын., Янк. Мат.; Бяльк., ПСл, Мат. Гом.; в.-дзв., Сл. ПЗБ, Растарг.), тый ’тс’ (арш., Мат.), тыт ’тс’ (віц., Шн., Песні), ст.-бел. той, тотъ, тый ’той’ (1340 г., КГС); сюды ж той эўфемістычна ’чорт’ (Ластоўскі, Выбр. тв.), тэй ’тс’: тэй, што казали (Растарг.), тэй замяняе назоўнік, ужыванне якога лічыцца непрыстойным (Нас.), тамто́й ’той’ (Бес.; пад уплывам польск. tamten ’тс’), той свет ’замагілле’ (ТСБМ, Федар. 4, Некр. і Байк., Сл. ПЗБ), той‑сёй ’хто-небудзь (у пералічэнні)’ (ТСБМ, Варл., Арх. Вяр.), тэй‑сей ’тс’ (Нас.), то́йчас ’неадкладна, зараз’ (Гарэц., Янк. 3.), тойча́с ’адразу’ (калінк., З нар. сл.; Сцяшк. Сл.), той год ’летась’ (Ян.). Параўн. укр. той, рус. дыял. той, стараж.-рус. тъи, польск. дыял. tyj, серб.-харв. та̑ј ’той, гэты’, балг. той ’ён’, дыял. ’той, гэты’, макед. тој ’той, гэты’, дыял. ’ён’, ст.-слав. тъи. Прасл. *tъjь паходзіць ад указальнага займенніка tъ, роднаснага літ. tas ’той, гэты’, узмоцненага апафанічным *jь пасля пераходу ъ > о. Ускладненасць іншымі займеннікамі або падваенне зыходнага можна бачыць у рэдкім ст.-бел. тось (XVI ст., Карскі 2-3, 194) і тотъ ’той’. Формы з ы тлумачацца аналогіяй з формамі мн. л. (Векслер, Гіст. 167), гл. тыя, а формы з э — уплывам канчаткаў прыметнікаў, што, зрэшты, дапускаецца для ўсіх формаў (Карскі 2-3, 53, 194), параўн. развіццё канцавых спалучэнняў *‑ъjь у розных крывіцкіх гаворках у ‑ой, ‑эй, ‑ый, адлюстраванае ў берасцяных граматах, гл. Залізняк, Слав. языкозн. X, 168. Меркаванні аб вывядзенні формаў на ‑эй, ‑ый з ‑ой, а таксама аб магчымым польскім уплыве (Сабалеўскі, ЖМНП, 1887, 251, 137 і наст.; Карскі 2-3, 154–155) не пераконваюць. Гл. таксама ESSJ SG, 2, 708 і наст.; Фасмер, 4, 89.