Сёй-той ‘некаторыя (нямногія) людзі’ (ТСБМ). Спалучэнне ўказальных займеннікаў, што ўзыходзяць да *sь (гл. сей) і *tъ (гл. той). Сёй з сей пад уплывам той, з якім звычайна спалучаецца ў сказе, у тым ліку і ў самастойным ужыванні (Карскі 2-3, 342), аналагічна сёе‑тое ‘нямногае, нешта, некаторыя рэчы’ (ТСБМ), сёя‑тоя ‘што-небудзь’ (Сл. ПЗБ), параўн. i siòje, i tòje (Федар. 4), сё й то (ТС), але сей год, да сего́ дажыўся (Ян.). Пераход е > ё тлумачаць уздзеяннем націску (гл. ESSJ SG, 2, 618), параўн. аднак ні сёго́ ні того́ (ТС).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)