Сі́каць, сі́кацца ‘мачыцца’ (Нас., Федар. 6), ‘пырскаць вадой з цацкі, якая завецца “сікаўкай”’ (гл.) (Нас.), сі́кі ‘мача’ (Шат., Стан., Сл. ПЗБ). Укр. си́кати, рус. си́кать, ‘мачыцца’, польск. sikać ‘пырскаць, біць струмянём’, в.-луж. sykać, н.-луж. sykaś, чэш. дыял. sikać ‘крапіць, пырскаць’, sykať, šykač ‘пырскаць, мачыцца’, славац. sykať ‘пырскаць; мачыцца’, sikać, cikať ‘мачыцца’, серб.-харв. си́кати ‘шыпець, лаяцца’, славен. síkniti ‘шыпець, пырскнуць цурком’, балг. си́кам ‘шыпець’. Фасмер (3, 620) ставіць пытанне аб выдзяленні сярод гэтых слоў дзвюх груп: са значэннем ‘пырскаць; мачыцца’ і значэннем ‘шыпець’. Скок (3, 384) серб.-харв. си́кати разглядае ізалявана ад заходне- і ўсходнеславянскіх дзеясловаў. Таму, відаць, следам за Махэкам₂ (538), тут трэба выдзеліць усходне- і заходнеславянскія словы са значэннем ‘біць струменем; пырскаць; мачыцца’ і рэканструяваць прасл. *sikati, што лічыцца ітэратывам ад сцаць (гл.). Гл. таксама Борысь, 547 (з уключэннем славенскага дзеяслова). Інакш Праабражэнскі (2, 284 і наст.), які схіляецца да гукапераймальнага ўтварэння.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)