Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сю́ргаць ’сёрбаць, есці што-небудзь рэдкае’ (Бяльк.), сю́ргаўка ’птушка юрок (?)’ (астрав.; Цыхун, вусн. паведамл.). Гукапераймальнае, гл. наступнае слова.

Сю́ркаць ’цвыркаць’, сю́ркаўка ’птушка берасцянка’ (глыб., Сл. ПЗБ). Параўн. укр. сю́ркати ’цвыркаць’, польск. siurczeć ’цурчэць; цячы цурком’, н.-луж. śurkotaś ’цвыркаць, шчабятаць; цурчэць’. Гукапераймальнае, параўн. ЕСУМ, 5, 494.

Сюрпры́з ’нечаканы падарунак; нечаканае здарэнне’ (ТСБМ), ’неспадзяванка’ (Гарэц.). Запазычана праз рус. сюрпри́з ’тс’ з франц. surprise ’нешта дзіўнае, неспадзяванка’ ад дзеяслова surprendre ’дзівіцца, здзіўляцца’ (Фасмер, 3, 823; ЕСУМ, 5, 494).

Сюрту́к ’бурка, шырокая адзежына з даматканага сукна з башлыком’ (Цых.). Запазычана з рус. сюртук ’сурдут’, што з франц. surtout ’шырокая верхняя адзежына’ (Фасмер, 3, 823; ЕСУМ, 5, 495).

Сюр-сюр-сюр ’падзыўныя словы для авечак’ (ДАБМ, камент., 896), сю́ры‑сю́ры ’тс’ (Бяльк.), сюр ’падзыванне ягнят’ (Касп.), сюды ж, відаць, сю́равый ’суматошлівы’ (Клім.). Відаць, гукапераймальнага паходжання, параўн. сю́ркаць ’сікаць’ (Саевіч, Derywacja, 230). Значэнне ’суматошлівы’, магчыма, звязана з паводзінамі авечак пры захворванні на фасцыялёз, параўн. матыліца ’фасцыялёз’ і ’рухавы, непаседлівы чалавек’ (гл.).