Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сяг ’мера даўжыні’ (Я. Сіпакоў). Параўн. укр. сяг ’сажань; мера даўжыні ў досегу рук (каля 3–4 м)’, рус. сяг ’адлегласць у межах дасягання рук’, польск. siąg ’мера даўжыні’, чэш. sáh ’сажань’. Вытворнае ад сягаць, гл. Насуперак Праабражэнскаму (2, 248), не звязана з сігаць (гл.), параўн. таксама пярэчанні ў Фасмера, 3, 825.

Сягава́ць ’крычаць, лямантаваць’ (Сцяшк. Сл.). Няясна.

Сяга́ць ’ісці, рухацца’, ’прасцірацца, даходзіць да якой-небудзь мяжы, узроўню і пад.’ (ТСБМ), ’працягваць руку, каб што-небудзь узяць’ (Стан.), ’накіроўвацца’ (Сцяшк. Сл.), сіга́ць ’імкнуцца, жадаць, дамагацца’ (Варл.), часцей з прыстаўкамі: дасяга́ць, прысяга́ць (гл. прысяга), ст.-бел. сѧгнути: сѧгнулъ рукою (Альтбаўэр). Укр. сяга́ти, сягну́ти ’даставаць, хапаць’, рус. сяга́ть, польск. sięgać ’дасягаць, выцягваць руку’, в.-луж. sahać ’даставаць; ісці вялікімі крокамі’, н.-луж. segaś ’выцягваць руку; даставаць, хапаць’, чэш. sahať ’тс’, славац. siahať ’даставаць, хапаць’, серб.-харв. се̏гнути се ’пацягнуцца, працягнуць руку’, славен. séči ’тс’, балг. пася́гам ’працягваю руку’, макед. сега ’сягаю’, ст.-слав. сѧгнѫти ’працягнуць руку’. Прасл. *sęgti, *sęgati роднаснае літ. sègti ’зашпільваць’, sagà ’засцежка, гузік’, sãgas ’пятля’, лат. segt ’пакрываць’, ст.-інд. sájati ’прылягае, прымыкае’, ст.-перс. frahanjati ’вешае’, ірл. suanem ’канат’; да і.-е. *seg‑, *seng‑ ’вязаць, злучаць, датыкацца’; гл. Траўтман, 252; Покарны, 887; Фасмер, 3, 825; Скок, 3, 214; Шустар-Шэўц, 1264; Борысь, 547; супраць сувязі з літ. siekti ’сягаць, дасягаць’, síeknis ’сажань’ Міклашыч, 291; Махэк₂, 535, таксама Бязлай (3, 221) па фанетычных прычынах; гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 495–496; Анікін (Этимология–1983, 48 і наст.) звязвае славянскае слова з герм. *sinkʷan, (параўн. гоц. sagqjan, ст.-в.-ням. senken, ст.-сакс. sincan і г. д.), у семантычным радзе яшчэ ёсць значэнні ’апускацца, асядаць; тануць’.

Сяге́начы (сеге́ночы) ’гэтай ночу, у гэту ноч’ (Нас., Сержп. Грам.), се́начы, сёначы ’тс’ (рагач., Сл. ПЗБ). Карскі (2–3, 74) форму са слоўніка Насовіча тлумачыць як сее ночи; тады да сей і ноч у Р. скл. адз. л., магчыма, з далейшым сцягваннем у сёначы, сеначы (апошняе, відаць, да прасл. *si nokti), гл.; параўн. больш празрыстае сяе́начы ’тс’, гл. Параўн. таксама сёлета, сёння.

Сяго́лета ’ў гэтым годзе’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ; маг., мін., гом., ЛА, 2, Шат., Растарг.), сего́лето ’тс’ (ТС). Карскі (2–3, 74) выводзіў з сего лета, гл. сёлета. Сюды ж сяго́летак ’жывёла, што нарадзілася ў гэтым годзе’ (Касп., Шат.), сеголе́ток ’тс’ (ТС), сяголе́тка ’цялушка гэтага года’ (Сл. ПЗБ) і інш.

Сяго́ння, сёння ’ў гэты дзень’: у знач. наз. сягоння ў сёння ’цяперашні дзень’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт., ЛА, 2), таксама сяго́дня, сяго́ня, сого́нні, сяга́нні, сяга́ння, сяга́ня, сяго́нечы, сяго́ніка, сяга́ніка ’тс’ (Шн. 1, Касп., Нас., Шат., Пятк. 2, Бяльк., Гіл., Федар. 4, Сл. ПЗБ), ст.-бел. сегоднꙗ ’тс’ (Альтбаўэр). Укр. сього́дні, рус. сего́дня ’тс’. Вынік сцягнення Р. скл. стараж.-рус. сего дьне < *сь дьнь ад указальнага займенніка *сь‑ і наз. *дьнь ’дзень’ з поўным прыпадабненнем д да н, гл. Карскі, 1, 351; Фасмер, 3, 589; Праабражэнскі, 1, 179; ESSJ SG, 2, 620; ЕСУМ, 5, 493. Гл. сёння, сяння.