Сян (sian) ’гэты’ (Тур.). Форма м. р. указальнага займенніка *sь (гл. сей) у спалучэнні з *‑nъ (гл. ён), параўн. спалучэнне з іншым указальным займеннікам *tъ — сіты, гл.
Ся́нні ’сёння’ (Нас., Шымк. Собр., Растарг., Бяльк., Мат. Маг.), ся́ння ’тс’ (Нас., Бяльк., Яўс.; бялын., Янк. Мат.; Сцяшк., Жд. 1), ся́ння, ся́ня ’тс’ (Сл. ПЗБ), ся́ннячы ’тс’ (Сцяшк. Сл.), ся́нінші ’сягонняшні’ (Сл. ПЗБ). Сюды ж ся́дні ’сёння’ (Нас., Касп., Растарг.), ся́дня ’тс’ (Стан.), се́дне ’тс’ (Сл. Брэс.). Гл. сёння, сягодня.
Сянні́к ’адрына, пуня’ (ТСБМ), ’матрац, набіты сенам ці саломай’ (ТСБМ, Нас., Касп., Жд., 2; бых., Янк. Мат.), сяльні́к, сядні́к, сяні́к, сені́к, сеня́к ’тс’ (Сл. ПЗБ, Ласт.), сельні́к ’матрац; месца для сена’ (ТС). Параўн. укр. сінни́к ’пуня, матрац’, польск. siennik ’тс’, чэш. seník ’пуня’, славен. senik ’пуня; матрац’, макед. сенник ’тс’. Самастойныя ўтварэнні ад сянны́ < сена; гл. таксама сельнік.