Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сява́лка ’лубянка для ручной сяўбы’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Нік. Очерки, Др.-Падб., Шат.; ЛА, 5), сева́лка, севя́лка, сіва́лка ’тс’ (шальч., докш., рас., круп., Сл. ПЗБ), сіва́лка ’тс’ (Бяльк.); сюды ж севе́ялка (смарг., Сл. ПЗБ) з дадатковай апеляцыяй да ве́яць, гл. Укр. сіва́лка, рус. сева́лка ’тс’. Дэрыват з суф. ‑алк ад *сяваць, параўн. высяваць, засяваць, укр. сіва́ти, рус. сева́ть, шматкратнага дзеяслова да сеяць (гл.); да словаўтварэння гл. Сцяцко, Афікс. наз., 51.

*Сява́р, сева́р ’сейбіт’ (ТС, Выг., Сл. Брэс.). Параўн. старое польск. siewiarz ’тс’. Рэгіянальнае ўтварэнне ад дзеяслова *сяваць з суф. ‑ар, гл. Сцяцко, Афікс. наз., 30; Вярхоў, Наз., 26.

Сяве́нька ’сявалка’ (ТСБМ, Нас.; лях., Янк. Мат.), сяве́нка, сяве́нька ’тс’ (Сл. ПЗБ, ЛА, 5), сяве́нка ’тс’ (Сцяшк.), севе́нка (воран., Сл. ПЗБ), севе́нь ’тс’ (ТС). Этымалагічна тое ж, што і сява́лка (гл.), але з іншым суфіксам.

Сяве́ц1 ’сейбіт’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт., Бяльк., Сл. ПЗБ, Варл., Мат. Гом., Сцяшк.), севе́ц ’тс’ (Арх. Вяр.). Да сеяць, гл. папярэднія словы.

Сявец2 ’невялікая птушка атрада сеўцападобных’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ’птушка Charadrius pluvialis L.’ (Касп.), ’птушка, якая прылятае да нас, калі сеюць жыта’ (Варл.; мёрск., ЖНС), се́ўка, сі́ўка ’птушка Charadrius pluvialis L.’ (Ласт.). Параўн. укр. си́вка ’птушка Pluvialis Briss’, сі́вка ’птушка Charadrius pluvialis L.’, рус. си́вка, си́вчик ’тс’, польск. siewka ’тс’, siejka ’птушка Pluvialis L.’, siewnica, posewnica ’птушка з сям’і кнігавак, Squatarola helvetica’. Няясна; звычайна звязваюць з сеяць: як пачынаюць сеіць, сяўцы лётаюць і крычаць (ЖНС, 74), параўн. таксама Брукнер, 487; Варш. сл., 6, 110. Пра магчымасць збліжэння з сівы (гл.) сведчыць іншая назва птушкі сернік2 (ад серы ’шэры’), гл. Параўн. ЕСУМ, 5, 224; Антропаў, Назв. птиц, 370.