Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Агры́бяць ’вельмі пастарэць’ (Шат.). Відаць, калька з польск. zgrzybieć ’тс’. Апошняе да grzybieć ’зморшчыцца як грыб’, grzyb ’грыб’. Параўн. ірл. gerbach ’складка, маршчына’ (Петарсан, Vergl. Wortst., 12).

Агры́снік ’кустарнік, агрэст’ ад агрэст (гл.); агрыснік < агрэснік < агрэст‑нік.

Агрэга́т. Запазычанне праз рускую мову (Крукоўскі, Уплыў, 83) з французскай (XIX ст.) (Шанскі, 1. А, 42).

Агрэ́сар, агрэсія. Запазычана праз рускую мову (Крукоўскі, Уплыў, 76) з нямецкай (агрессор) і французскай (агрессия) (XX ст.). (Шанскі, 1, А, 43).

Агрэ́ст, ст.-бел. агрестъ (1722) (Булыка, Запазыч.) з польск. agrest (Рыхардт, Poln., 29; Кюнэ, Poln., 39), якое з італ. agresto (Брандт, РФВ, 18, 19; Брукнер, PF, 7, 172; Фасмер, 1, 61; Саднік-Айцэтмюлер, 1, 13).

Агрэ́сца ’многа ўзяць, атрымаць, мець’ (Юрч.), агрэбці, грэбці. Семантычнае развіццё ’грэбці’ > ’нагрэбці сабе’; а пачатковае адлюстроўвае граматычную семантыку дзеяслова, і таму яго трэба лічыць прэфіксальным.

Агрэ́х ’прапушчаная баразна’ (БРС, Шат., Гарэц., КЭС) кантамінаваная форма арэх (< араць) і агрэх (< грэх) (Выг. дыс.). Словаўтваральная мадэль застаецца няяснай.