Агло́бля, аглабня (КТС), аглабіна, аглабец ’верхняя частка драбін’ (Бір. дыс.), укр. оголоблі, рус. оглобля, оглобень, агульнаўсходнеславянскае да глоба ’балка’. Параўн. балг. зглоб, серб.-харв. згло̏б ’частка цела, член’, о̀глобље ’частка ткацкага стану’, чэш. ohlobně ’слуп’. Мяркуючы па апошніх дзвюх формах, усходнеславянскае слова — семантычнае новаўтварэнне або новаўтварэнне з больш шырокім арэалам (і тады словаўтваральна-семантычнае). На захадзе гэта слова ў значэнні ’аглобля’, магчыма, было выцеснена нямецкім па паходжанню дышаль. Гл. Патабня, РФВ, 5, 125; Брандт, РФВ, 22, 121; Ільінскі, РФВ, 62, 256. Бліжэйшыя індаеўрапейскія паралелі: літ. glóbti ’ахапіць’ і іншыя балтыйскія формы.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)