Гарадзі́ць ’гарадзіць’ (БРС, Шат., Касп., Бяльк.). Рус. городи́ть, укр. городи́ти, польск. grodzić, чэш. hraditi, балг. градя́, серб.-харв. гра́дити, ст.-сл. градити. Прасл. *gorditi ’будаваць, гарадзіць, ствараць і да т. п.’, дзеяслоў на ‑iti, утвораны ад прасл. *gordъ ’горад і да т. п.’ Аб гарадзіць < *gorditi гл. Трубачоў, Эт. сл., 7, 35 (дзе дэталёва прыводзіцца параўнальны матэрыял з усіх слав. моў). Ад гарадзі́ць утворана суфіксам ‑ба гарадзьба́ ’будаванне агароджы’ (БРС, Шат., Касп.). Але гэта слова, здаецца, не з’яўляецца вытворным прама на бел. глебе, а паходзіць з прасл. *gordьba (з адпаведнымі паралелямі ў іншых слав. мовах). Гл. Трубачоў, там жа, 38. Уласна бел. з’яўляецца гарадзьбі́к ’чалавек, які робіць агароджу’ (Бяльк.). У пераносным сэнсе ўсх.-слав. *goroditi ўжывалася і ў фразеалагічных зваротах (’гаварыць бяссэнснае, глупства’). Гл. Шанскі, 1, Г, 139–140.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)