прасторавае і генетычнае (БРС, Гарэц., Шат.). Агульнаславянскае і праславянскае. Варыянт od (у адрозненне ад варыянта ot) ва ўсіх славянскіх мовах, апрача балгарскай, рускай, лужыцкіх (на ўсходзе граніца паміж імі праходзіць па беларускай тэрыторыі). Параўн. укр. від (< od), рус. от, чэш. od, польск. od, в.-луж. wot, н.-луж. wót, балг. от, серб.-харв. od, славен. od. Бліжэйшыя індаеўрапейскія паралелі: літ. at‑, лат. at, гоц. id, ірл. aith, ст.-інд. áti, ст.-грэч. ἔτι, Траўтман, 16; Ільінскі, РФВ, 57, 507; Развадоўскі, Wybór, 2, 87. Варыянт od — славянская інавацыя ў адрозненне ад варыянта ot, які захаваўся на перыферыі славянскага свету (гл. Андарсен, WS, 14, 3, 316–317) і мае адпаведнасці ў іншых індаеўрапейскіх мовах. Пераход ot > od‑ тлумачыцца або аналогіяй (да nad‑, pod‑) (Бадуэн дэ Куртэнэ, Опыт, 110), або змяшэннем розных па паходжанню ot‑ і odъ (Махэк, Зб. Траўнічку, 183), або камбінаторна-фанетычнымі зменамі (Курашкевіч, SFPS, 4, 22). Найбольш верагодным з’яўляецца апошняе тлумачэнне. Але яно таксама недастатковае, каб зразумець, чаму гэты працэс рэалізаваўся не ва ўсіх славянскіх дыялектах. Спроба Андарсена, там жа, 319, што тлумачыць гэта законам Барталі, здаецца пераканаўчай (гл. Мартынаў, SlW, 63).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)