Ачыві́сты ’відавочны, яўны, навочны’ (Нас.), ачывіста ’відавочна; асабіста’ (Нас.), ст.-бел. очевистый яўны, ясны, відавочны, сапраўдны’ (Хрэст. гіст., 1), очевисто ’асабіста, відавочна’ з канца XV ст., очивисто з сярэдзіны XV ст., очевисте ’відавочна, адкрыта, яўна’ з канца XVII ст. (Нас. гіст.), ѡчоувисте з XV ст. (Карскі, Труды, 313). Запазычана з польск. oczywisty, oczywiście, утвораных ад складанага слова *oczywiść (як рус. зависть, ненависть, ‑wiść ад widzieć, гл. Брукнер, 377); слова было вядомае, на думку Брукнера, 614, усходнім і паўднёвым славянам з другой часткай ‑věst, параўн. балг. очивесен ’відавочны’, чаму пярэчыць бел. дыял. форма невістны ’невідомы’. Формы прыслоўяў на ‑о (‑а) у выніку асіміляцыі ў беларускай мове.
Ачы́грыць ’паздаравець’, ачыгрыцца ’адхадзіцца, паздаравець’ (Яўс.). Няясна; магчыма, звязана з чыгра ’наравісты чалавек’ (лельч., Шур, вусн. паведамл.) і ўласным імем Чыгрын, Чыгрынаў.
Ачы́так ’расходнік, Sedum’ (мін., Кіс.), очыток (Бесар.), укр. очиток, рус. очиток. Згодна з Мяркулавай, Очерки, 109, укр. і рус. формы з очисток (у сувязі з яго лекавымі, ачышчальнымі якасцямі), аднак пры гэтым цяжка вытлумачыць выпадзенне ‑с‑; параўн. іншыя назвы расліны адцытнік, сытнік (захад Беларусі, гл. Кісялеўскі, Аб нек. асабл., 28), да семантыкі гл. польск. дыял. odczynić ’вылечыць’, odczyna ’нейкая расліна’ (Карловіч); геаграфія слова не дазваляе звязаць яго з чыты ’цвярозы’ (Касп.).