Ачыві́сты ’відавочны, яўны, навочны’ (Нас.), ачывіста ’відавочна; асабіста’ (Нас.), ст.-бел. очевистый яўны, ясны, відавочны, сапраўдны’ (Хрэст. гіст., 1), очевисто ’асабіста, відавочна’ з канца XV ст., очивисто з сярэдзіны XV ст., очевисте ’відавочна, адкрыта, яўна’ з канца XVII ст. (Нас. гіст.), ѡчоувисте з XV ст. (Карскі, Труды, 313). Запазычана з польск. oczywisty, oczywiście, утвораных ад складанага слова *oczywiść (як рус. зависть, ненависть, ‑wiść ад widzieć, гл. Брукнер, 377); слова было вядомае, на думку Брукнера, 614, усходнім і паўднёвым славянам з другой часткай ‑věst, параўн. балг. очивесен ’відавочны’, чаму пярэчыць бел. дыял. форма невістны ’невідомы’. Формы прыслоўяў на ‑о (‑а) у выніку асіміляцыі ў беларускай мове.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)