Ач1 ’глядзі, бач’ (Нас.), укр. ач. Відаць, звязана з каранёвай часткай дзеяслова *ačiti, што выводзіцца на падставе бачыць < ob‑ačiti; паводле Фрэнкеля, 1, літ. ’тс’ вынік плюралізацыі да àčte, што звязана з бачыць і вока (літ. akìs), параўн. узнікшае пад літоўскім уплывам ачкаваць даглядаць на чужое’ (Сцяшк.). Можна разглядаць як алегра-форму да бач ’глядзі’, параўн. лянь, ля ’паглядзі’, ’пабач, вось’ (ад глянь, паглянь), рус. ишь, вишь.

Ач2 злучнік ’бо’, ’хоць, калі’ (ц.-слав. аще) (Нас.), ’хіба, хоць, калі’ (Гарэц.), а́чай (Нас., Гарэц.), ач‑бы ’хаця б’ (Нас.), ст.-бел. ачь злучнік ’таму што, паколькі’ (фіксацыя з 1347), умоўны (ц.-слав. аще) ’калі’ (1347), уступальны ’хоць’ (1347), ’зрэшты’ (1495), ачь‑бы ўмоўны злучнік (ц.-слав. аще бы) ’калі б’ (1492) (Нас. Гіст.), аче з XVI ст. (Карскі, 1, 386), ст.-укр. ач, ачь, аче ’тс’, ст.-рус. аче, ачи ’калі’ (рус. если), ’ці’, ст.-польск. acz ’хоць, калі’ (рус. если), ’хіба’, ст.-чэш. ac, ace ’калі’ (рус. если), ’хоць’, в.-луж. hač ’калі, чым’ (у параўнанні), н.-луж. ac ’ці’, згодна з Трубачовым, УЗ МОПИ, 1969, 334, 341, сюды ж і балг. дыял. а че ’пасля, а затым’. Прасл. ače (паводле Трубачова, a če) тлумачыць з a і če, дзе другая частка самастойна выступае толькі ў сучасным балг. че злучнік ’што, бо’, параўн. таксама макар че ’хаця’, роднасная лац. quet грэч. τε, ст.-інд. ca і інш., параўн. Фасмер, 1, 98; Слаўскі, 1, 23; Рудніцкі, 1, 43; першую частку a суадносяць з лац. at ’але, з другога боку’, ad ’пры, каля, к’ на аснове структурнага падабенства ўсяго спалучэння з лац. atque, adque ’з другога боку, звыш таго’, Трубачоў (гл. вышэй адзначаную працу), Голуб-Копечны, 59. Для ўсходнеславянскіх моў праблему складае раздзяленне форм і значэнняў розных па паходжанню, якія супалі ў адной форме. Старарускі злучнік аче (ачи), які ўводзіць даданы сказ умовы, і адпаведныя беларускія і ўкраінскія формы адносяць разам з ц.-слав. аще, ст.-слав. аште, ст.-серб. аће, польск. jacy ’толькі’ да прасл. atje або akte, atke, параўн. (Саднік-Айцэтмюлер, 1, 21 і 25; Фасмер, 1, 99; Слаўскі, 1, 483; поўны агляд версій гл. Фальк, SOc 27, 1968, 63–65; гл. спецыяльна Шавялоў, Prehistory, 191, які выводзіць указаныя формы і асабліва ст.-рус. ашти з āt‑k​i з наступнай метатэзай tk > kt, што дае tj перад i. Адносна развіцця значэння параўн. Бауэр, Slavia, 26, 1957, 157–179. Булыка (Запазыч., 34) ст.-бел. ачъ ’хоць’ (пачатак XV ст.) лічыць запазычаннем са ст.-польск. acz.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)