Аба́бак ’падбярозавік, Boletus scaber’. Ці суадносіцца з абабак ’бабка, укладка снапоў на полі’ («Ставіць снапы ў абабак»), (а)бабак ’ахапак ільну’, абабка ’абадраны ліпавы або вязавы пень, на якім расце сучча’. Больш верагодна Мяркулава, Очерки, 176–177, якая звязвае абабак з бабець ’маршчыніцца’ (гл.), параўн. рус. арх. обабня ’вялікі грыб’. Слова, відаць, пераважна беларускае і рускае (зах. і паўн.). Параўн., аднак, чэш. obabka ’грыб’, якое разам з рускімі словамі Кіпарскі (NM, 53, 441) адносіць да баба ’пень’ (як рус. опёнок да пень) (гл. Якабсон, Word, 7, 187). Спрэчна. Усх.-слав. баба, бабка часцей назва грыбоў (параўн. бел. бабка ’абабак’). Лінгвагеаграфія слова не дазваляе яго лічыць праславянскім.
Абабэ́нчыць ’аб’есціся’ (КТС) < польск. obębnić się ’тс’ (< bębien ’бубен’). Гл. Мартынаў, SlW, 68.
Аба́ва ’маруджанне’ (КЭС). Гл. бавіцца.
Абавя́зак, ст.-бел. обовязок з 1557 г. (Нас. гіст.), укр. обовʼязок, польск. obowiązek ’тс’. Гл. абавязаць.
Абавяза́ць у другасным абстрактным значэнні; параўн. укр. обовʼязати, ст.-польск. obiązać, obwiązać, польск. obowiązać, серб.-харв. обаве́зати, обве́зати, славен. obvezati, ст.-слав. обѧзати. Тлумачэнне гэтай ізалексы даволі складанае. Яе праславянская форма *ob‑vęz‑ati. Гл. вязаць.
Абавязко́ва калька з рус. обязательно (20‑я гады XX ст.), гл. Бардон, Узв. 3, № 8, стар. 101.
Аба́да ’віна’ (Нас.), ст.-бел. обада з 1503 г. (Нас. гіст.) ’знеслаўленне, абражанне’ да об‑вада (Нас. гіст., 244); параўн. ст.-бел. обадити ’зняславіць, зганьбіць’ і обвадити ’тс’ (Нас. гіст.). Ст.-рус. обада ’паклёп’, паводле Фасмера, 3, 97, царкоўнаславянскага паходжання: ст.-слав. обадити ’абвінаваціць’. Параўн., аднак, серб.-харв. о̏беда ’абвінавачанне’, а таксама больш далёкае семантычна ўкр. (о)бада ’перашкода’ (Ёкль, AfslPh, 29, 29; Ільінскі, PF, 11, 184). Бел. обада, магчыма, праславянскі архаізм, што, звычайна, не выключае царкоўнаславянскага паходжання старарускіх форм.
Аба́два, абодва, абедзве, укр. ободва, обідві, польск. obydwaj, obadwa, obydwie, obiedwie, чэш. obadva, славац. obidvaja, н.-луж. hoběj dwa, hoběj dwe, славен. obadva, obedve, серб.-харв. о̏бадва, о̏бедве сведчаць аб праславянскіх складаных формах *obadva, *obě‑dve, генетычна тоесных літ. abu‑du, abi‑dvi, лат. abi‑divi. Магчыма, балта-славянскае новаўтварэнне. Параўн. Траўтман, 1; Супрун, Числит., 37. Праслав. oba‑obě‑ у сваю чаргу да прыназоўніка о, ob. Гл. абоі, аб.
Абае́тны ’абяцаны’ (КТС) < літ. abejótas ’тс’.
Абажу́р (БРС) запазычанне праз рус. мову ў XX ст., у рус. з франц. abat‑jour у XVIII ст. У беларускіх слоўніках 20‑х гадоў XX ст. яшчэ канкурыравала з каптур. Гл. Гіст. мовы, 2, 205.