Аба́бак ’падбярозавік, Boletus scaber’. Ці суадносіцца з абабак ’бабка, укладка снапоў на полі’ («Ставіць снапы ў абабак»), (а)бабак ’ахапак ільну’, абабка ’абадраны ліпавы або вязавы пень, на якім расце сучча’. Больш верагодна Мяркулава, Очерки, 176–177, якая звязвае абабак з бабець ’маршчыніцца’ (гл.), параўн. рус. арх. обабня ’вялікі грыб’. Слова, відаць, пераважна беларускае і рускае (зах. і паўн.). Параўн., аднак, чэш. obabka ’грыб’, якое разам з рускімі словамі Кіпарскі (NM, 53, 441) адносіць да баба ’пень’ (як рус. опёнок да пень) (гл. Якабсон, Word, 7, 187). Спрэчна. Усх.-слав. баба, бабка часцей назва грыбоў (параўн. бел. бабка ’абабак’). Лінгвагеаграфія слова не дазваляе яго лічыць праславянскім.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)