Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Абуго́ня ’ўчастак поля, які намячаецца ўзараць’ (Юрч.), ’узараная частка гоняў’ (Гарэц.). Гл. гоні і бугоня.

Абу́за (БРС, Гарэц., Нас., Бяльк., Касп.) ’лішняя турбота, распуста, брыда, гультай’, абузны ’непрыемны, прыкры, завадны, што перашкаджае’ (Нас., Гарэц., Касп.), абузніца ’распусніца, гультайка’ (Нас. Сб.) < ob‑vǫza (параўн. абвязаць). Ст.-рус. обузъ ’завязка’, ст.-слав. обѧзъ ’тс’. Семантычны зрух у напрамку ’павязка’ > ’прывязаны груз’ > ’усё, што гняце’ (Баханькоў, Бел. мова, 163; Фасмер, 3, 109). Параўн. в.-луж. wóbuza, н.-луж. hobuza ’прыкрасць, цяжар’ (Махэк, Slavia, 28, 270).

Абуле́б ’абы, хоць’ (Янк. I) (да абы лепш?).

Абуме́рлы ’сумны, прыгнечаны’ (КТС). Супрун (Веснік БДУ, 1, 2, 68) параўноўвае з балг. умърлушва се губляць надзею, сумаваць’, омърлушвам се, умъля ’тс’, макед. омрлушува (се) ’быць прыгнечаным, заняпалым, апусціцца’. Бернар (RÉS, 41, 91) трактуе гэтыя словы як вытворныя ад прасл. mьrti ’паміраць’. Супрун бачыць у беларуска-балгарска-македонскай паралелі праславянскі рэлікт або пазнейшае паралельнае ўтварэнне. Зыходзячы з суфіксальнага разыходжання, хутчэй апошняе.

Абу́рыны ’перабітая ў час малацьбы салома’ (Арх. ГУ) да бурыць (гл.). Што датычыць словаўтварэння, параўн. амеціны (гл. амецце).

Абу́рыцца ’абваліцца’ (Арх. ГУ). Гл. бурыць.

Абусо́ка ’акружэнне пасля высочвання (звера)’ (Касп.) < *обосока да сачыць (гл.).

Абу́х ’абух’, рус. обух, укр. обух, ст.-рус. обухъ, польск. obuch, чэш. obuch, славац. obuch. Згодна з найбольш прынятай версіяй, ob‑uxъ (ад уха) (Юнгм., 2, 807; Праабражэнскі, 1, 632). Згодна з іншай, да o‑buxъ (бухаць) (Брандт, РФВ, 23, 94). Верагоднай здаецца таксама трэцяя версія < ob‑u‑xъ < ob‑uti ’надзяваць’; obuxъ ’тое, што надзяваюць на тапарышча’.

Абу́ць, абуваць ’надзець абутак’ (БРС, Шат., Касп.), абувацца (Бір. дыс., Касп.), абуцца да *ob‑uti, рус. обуть, укр. обути, чэш. obout, славац. obuť, в.-луж. wobuć, н.-луж. wobuś, польск. obuć, славен. obúti, серб.-харв. о̀бути, балг. обуя. Бліжэйшая паралель: літ. ap‑aũti ’абувацца’, apaũtas ’абутак’, лат. aut ’абуваць’, ст.-іран. aoϑra ’абутак’, лац. exuō ’разуваюся’ і г. д. Траўтман, 21; Гуер, IF, 46, 343; Фасмер, 3, 109. Дзеяслоў, бясспрэчна, яшчэ праіндаеўрапейскі, але тое, што прэфіксацыя прасл. ob‑uti супадае з прабалт. ap‑auti, дае падставу сцвярджаць аб балта-славянскай словаўтваральнай інавацыі.

Абу́ць у ла́пці ’абмахляваць’ (Шат.), (параўн. абармот (гл.) ’махляр’ < аборо‑мот) = ’зрабіць лапцюжнікам’, г. зн. чалавекам дурным. Параўн. яшчэ ўкр. обути (узути) у постоли.