Абармо́т ’махляр, прайдзісвет, чалавек, пазбаўлены даверу’ (Шат., КЭС, КТС), ’неахайны чалавек’ (Яўс.), абермот ’нязграбны чалавек’ (Кліх), рус. обормот ’абадранец’. Магчыма, да абора‑мот ’той, хто матае аборы (вяроўкі, якімі прымацоўваюцца лапці)’, спачатку зняважлівая назва вясковых жыхароў («лапцюжнікаў»). Для падобных назваў параўн. семантыку польск. gbur ’грубіян’ < ст.-польск. gbur ’селянін’ і словаўтварэнне ўкр. ціповʼяз, грічкосій і г. д. Іншую версію гл. у Трубачова, ВЯ, 1961, 5, 134 (< барматаць). Неверагодна ў Гэлтана, ZfslPh, 23, 326–327 (< ням. Ober і рус. мот). Яшчэ больш праблематычная версія аб венгерскім паходжанні гэтага слова. Гл. Пагарэлаў, RÉS, 30, 102–103. Супраць апошняга Гэлтан, там жа, 325–326 з падрабязнай аргументацыяй.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)