Абкарэ́лы ’закарэлы, закарузлы’ (БРС), абкарэць ’засохнуць, пакрыцца коркай’ (Касп.), ’узбрудзіць і засушыць той бруд’ (КЭС, лаг.). Відаць, абкарэлы (аб гэтым сведчыць дзеяслоў) — старая дзеепрыметнікавая форма. Першапачаткова абкарэць да кара.
Абкіто́ваны ’замазаны кітам’, абкітаванне (Нас., Бяльк.), абкітоўка (Бяльк.) праз кітаваць ад кіт (гл.).
Абкляпа́ць ’запырскаць граззю’ (Бяльк.), абкляпацца (Бяльк.). Не мае нічога агульнага з прасл. klepati (ст.-слав. клепати ’штурхаць’, серб.-харв. клѐпати ’біць’ і г. д.). Больш верагодным уяўляецца балтыйскае паходжанне гэтага слова (*apklimpoti). Параўн. літ. klim̃pti, klampóti ’пэцкаць у гразі’ (гл. Мартынаў, БЛ, 1972, 2, 73). Запазычанне адбылося яшчэ да падзення дыфтонгаў і распаўсюдзілася на невялікім славянскім арэале. Параўн. балг. радоп. оклепя са, клепя ў тым жа значэнні (Цыхун, БЛ, 1974, 5, 49). Аб магчымасці балгарскіх балтызмаў гл. Трубачоў, Ремесл. терм., 339–340.