Абед ’абед, полудзень’, гл. есці, ежа. Прасл. obědъ (параўн. семантычныя разыходжанні серб.-харв. òбјед, славен. obèd ’асноўная, поўная ежа’ ад іншых славянскіх — рус. обед, польск. obiad, чэш. oběd, в.-луж. wobjed, н.-луж. hobʼed ’полудзень’). Пра першаснасць паўднёваславянскай семантыкі сведчыць, апрача лінгвагеаграфіі, адпаведнасць унутранай форме (ob‑ědъ, ob‑ědati sę) і тое, што значэнне ’полудзень’ мела сваю лексемную рэпрэзентацыю ў *pol‑dьnь. Гл. Вештарт, Лекс. Палесся, 189–190. Параўн. Сцяц., Нар., 15.
Абе́дзікі ’дзіцячая гульня’ (Бяльк.). Словаўтварэнне як бібікі, кепікі да абед (гл.). Семантычная сувязь паміж абедзікі і абед застаецца няяснай, бо этнаграфічны бок (апісанне гульні) нявысветлены. Сувязь слоў абедзікі і абед абгрунтоўваецца тым, што «для частавання лялек арганізуюцца так званыя абедкі» (Рам., 8, 590).
Абе́рдзіна ’род лучыны’ (Маш.), ’смольная сасна’. Няясна. Ці не ад бёрда, калі ўлічыць, што (а)бердзіна — рэгулярна адзіночнае ад множнага. Параўн. славен. brdína ’від травы’. Гл. Талстой, Геогр., 248.
Абе́ртуха ’вялікі кавалак хлеба’ (Сцяц.), абэртуха ’тс’ (Клім.), обертка, обэртушка (КСТ), абіртня, абярня скібка хлеба праз усю круглую булку’ (Янук.). Сюды ж абельтух ’абжора’. Ці не ад ab‑vъr‑ti ’абгарнуць’ (абвярнуць ’кругом бохана абрэзаць лусту’, гл. Сцяц., Нар., 28). Ва ўсякім разе, з пункту погляду рэгулярнага словаўтварэння, абертуха і абертух (> абельтух) < аберт‑ *ob‑vъrt‑. Семантычная матывацыя, аднак, цяжкая. Таму трэба ўлічваць магчымасць калькавання. Крыніцай калькі было б тады літ. gãbalas ’вялікі кавалак’, gobùs ’прагны’ < góbti ’абгартаць, ахопліваць’ (параўн. бел. абвяргаць = літ. apgóbti), гл. Фрэнкель, 126–127. Верагоднасць калькавання падмацоўваецца арэалам лексемы.
Абе́руч ’абедзвюма рукамі’, укр. обіруч, польск. oburącz ’тс’. Відаць, арэальнае новаўтварэнне, параўн. серб.-харв. оберучке ’тс’, утворанага па іншай мадэлі, гл. абое і рука. Карскі 2-3, 71, 89.
Абе́тка ’абяцанне’ (Нас.), рус. обет, ст.-рус. і ст.-слав. обѣтъ, укр. обіт, чэш. oběť, славац. obeť < *ob‑větъ. Царкоўнаславянскае паходжанне гэтага слова выклікае сумненні і перш за ўсё ў сувязі са словаўтваральным тыпам лексемы абет‑ка.
Абеца́дла ’азбука’ (Нас.) < польск. abecadło (Кюнэ, Poln., 39).
Абе́чак 1 (мн. абечкі) ’край рэшата’ (Бір. дыс., БРС), ’частка жорнаў, зробленая з дрэва, каб не высыпалася мука’ (Сцяшк. МГ), ’вечка, накрыўка’ (Сцяц.), абечка ’крышка дзежкі, каробкі; таксама ў рэшаце, сіце’ (Янк. I) < аб‑веч‑ак (да věko). Параўн. абічайка.
Абе́чак 2 ’павека’ (мін.) < аб‑вечак (параўн. па‑века). Гл. абечак 1.