Рука́ ’верхняя канечнасць чалавека або малпы’ (ТСБМ). Укр., рус. рука́, польск. ręka, палаб. rǫkǎ, чэш., славац. ruka, славен. roka, серб.-харв. ру́ка, макед. рака, балг. ръка́. Прасл. *rǫka і і.-е. адпаведнікі: літ. rankà ’рука’, лат. rùoka, ст.-прус. rancko ’рука’, а таксама літ. riñkti ’збіраць; набіраць; выбіраць’, paranka ’збор, збіранне’ (параўн. грэч. паралель ἀγοστός ’далонь, кісць рукі, рука’ і ἀγείρω ’збіраць’) сведчаць пра тое, што на і.-е. узроўні *uronkā (*wronkā́) мела першапачатковае значэнне ’тое, чым збіраюць, зграбаюць, хапаюць’ < і.-е. *u̯er‑ ’браць, хапаць’ (Фасмер, 3, 515; Чарных, 2, 127; Глухак, 534; ESJSt, 13, 781; Рэйзак, 549). Выказаныя раней меркаванні пра магчымае запазычанне з балтыйскіх моў у праславянскую (Развадоўскі, RS, 5, 35; Бернштэйн, Фонетика, 91–92) з-за адсутнасці ў апошняй зыходнага дзеяслова не прымаюцца большасцю даследчыкаў, гл. Анікін, Опыт, 18 (з літ-рай); Жураўлёў, Язык и миф, 580.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)