Абсалю́тны (БРС). Запазычанне XX ст. праз рускую мову (Крукоўскі, Уплыў, 76), дзе з ням. absolut на пачатку XIX ст. — Шанскі, 1, А, 20–21.
Абсалю́цыя ’адпушчэнне грахоў’ (Нас.), ст.-бел. абсолюция з 1647 (Нас. Гіст.) < лац. absolutio ’звальненне’. Запазычанне хутчэй за ўсё праз польскае пасрэдніцтва, паколькі звязана з царкоўнай тэрміналогіяй (польск. absolucja).
Абса́ц ’абцас’ (Нас.). Гл. абцас.
Абсерва́цыя ’назіранне’ < лац. observatio праз польскае пасрэдніцтва. Польск. obserwacja пранікла ў беларускую мову ў XV–XVII стст. Не выключаны таксама непасрэдны лацінскі ўплыў. Параўн. ст.-бел. обсервовати ’захоўваць, прытрымлівацца’ (Булыка, Запазыч.).
Абсмо́рганы ’абскубены, абарваны’. Гл. сморгаць, шморгаць.
Абста́віны (БРС) (неалагізм XX ст.), раней абставы (Гіст. лекс., 257) пераўтворана па мадэлі ўводзіны.
Абсталява́ць, абсталяваны (БРС, Касп.) < польск. obstalować, якое ў сваю чаргу з нямецкага bestellen; ням. be‑ > польск. ob‑, не зусім зразумелая агаласоўка кораня, гл. Брукнер, 512–513.
Абсудо́біцца ’урабіцца, запэцкацца’ (Хрэст. дыял.), параўн. рус. судобіть ’меціць, прызначаць’ да судьба, гл. Трубачоў, Дополн., 3, 796. Семантычна няясна.
Абсупо́ніваць ’абыгрываць’ (Нас.) да супоня, супоніць (гл.). Відаць, семантычна звязана з супоніць ’біць супоняй’ і ’біць (наогул)’. Параўн. «Глядзі, як вашага брата супоняць» (Нас.).
Абсу́рд (БРС). Слова запазычана праз рускую мову ў XX ст. (Крукоўскі, Уплыў, 76). У рускай з франц. absurde (другая палавіна XIX ст.). Гл. Вінаградаў, Очерки, 392.