Або́е (БРС), абоі ’абодва’ (Шат., Касп., КЭС). Параўн. абодва. Адна з дзвюх праславянскіх форм з і.-е. паралелямі: рус. обое, ст.-рус. обои, ст.-слав. обо, ст.-чэш. oboj, літ. abeji, лат. abejì, ст.-прус. abbai, abbaien, гоц. bai, ст.-інд. ubháyam, Фасмер, 3, 104. Форма, якая адпавядае бел. абодва, на славянскім грунце больш пашырана, але мае балта-славянскі інавацыйны характар (гл. абодва). Абоі — гэта індаеўрапейскі архаізм, які захаваўся толькі ў некаторых славянскіх мовах, у тым ліку старажытнапісьмовых (стараславянскай, старажытнарускай і старажытначэшскай). Той факт, што гэта слова сустракаецца ў гаворках цэнтральнай часткі Беларусі, сведчыць, што яно спрадвечнабеларускае, а не запазычанне з рускай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)