Весць ’паведамленне, вестка’ (КТС, БРС, Яруш.), весьць ’весці, навіна’ (Бяльк., Кр.), укр. вість, рус. весть ’тс’, ст.-рус. вѣсть ’вестка, навіны, чуткі; плёткі; знак, сігнал’, ст.-слав. вѣсть, польск. wieść ’паведамленне, вестка; легенда, паданне’, каш. vjesc, н.-луж. wěsc ’(па)знанне, веды, вестка’, в.-луж. powěsć ’паведамленне, вестка’; ’аб’ява, плёткі, слава’, чэш. věst (< рус. весть), славац. кніжн. уст. vesť, славен. vẹ̑st ’уменне, веданне’, серб.-харв. ве̑ст, vȉjest ’паведамленне, вестка, чутка’, макед. вест, балг. вест ’тс’. Прасл. лексема, якая ўтварылася пры дапамозе суф. ‑tь, далучанага да асновы věd‑ (< věděti): věd‑tь > věttь > věstь (Фасмер, 1, 304; Праабражэнскі, 1, 108; Шанскі, 1, В, 75; Траўтман, 338; БЕР, 1, 137). Роднаснае са ст.-інд. vitti‑, авест. visti (< і.-е. *woidti‑s).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)