АНА́ПА,
горад у Расіі, у Краснадарскім краі. 50,3 тыс. ж. (1994). Порт на Чорным м. Чыг. станцыя. Прыморскі кліматычны і бальнеагразевы курорт. Як курорт развіваецца з 19 ст. Славуты паласой дробназярністага пясчанага пляжа даўж. каля 6 км з прылеглым мелкаводдзем, вельмі прыдатным для адпачынку і лячэння дзяцей. Клімат міжземнаморскі, з найб. працяглым на чарнаморскім узбярэжжы перыядам сонечнага ззяння. Марскія брызы, купанні з сярэдзіны мая да сярэдзіны кастрычніка. Выдатныя ўмовы для аэра-, гелія- і таласатэрапіі. Ліманныя, азёрныя і сопкавыя гразі на лячэнне органаў стрававання, гінекалагічных і нерв. хвароб. Радовішчы мінеральных, сталовых і лекавых водаў. Мноства пансіянатаў, дзіцячыя санаторыі, летнія і санаторныя лагеры, дамы адпачынку, турбазы. Археал. музей-запаведнік.
Літ.:
Аванесов В.Н., Погосов Ю.А. Анапа. Краснодар, 1973.
т. 1, с. 338
АНА́ПЕСТ
(грэч. anapaistos літар. адлюстраваны назад; адваротны дактылю),
1) у антычным вершаскладанні стапа з 3 складоў — 2 кароткіх і 1 доўгага (◡◡-).
2) У сілаба-танічным вершаскладанні 3-складовая стапа з рытмічным націскам на трэцім складзе (- - -́): «Пацяклі́, паплылі́ за гадамі́ гады́... // На гусля́равым на́спе жвіро́вым...» (Я.Купала. «Курган»). У рус. паэзіі анапест упершыню ўжыў А.Сумарокаў у «Одзе супраць зладзеяў». У бел. паэзіі ўзнік у канцы 19 ст. разам з развіццём новых формаў верша.
т. 1, с. 338
АНАПЛАЗМО́З,
інвазійная трансмісіўная хвароба буйной і дробнай рагатай жывёлы, якая выклікаецца паразітаваннем у крыві анаплазмаў. Пераносчыкі — іксодавыя кляшчы і крывасосныя насякомыя. Адзначаецца ўсюды, часцей у вяснова-восеньскі перыяд. Характарызуецца гарачкай пераменнага тыпу, прагрэсіўнай анеміяй, павелічэннем паверхневых лімфавузлоў, ацёкамі, атаніяй страўнікава-кішачнага тракту. Смяротнасць невялікая. Лячэнне тэрапеўтычнае. У мэтах прафілактыкі жывёл у летні час апрацоўваюць акарыцыднымі сродкамі.
т. 1, с. 339
АНАПЛА́ЗМЫ
(Anaplasma),
род паразітычных мікраарганізмаў сям. анаплазмавых. Блізкія да рыкетсій. Аблігатныя ўнутрыклетачныя паразіты эрытрацытаў крыві жывёл. Выклікаюць анаплазмоз. У эрытрацытах буйн. раг. жывёлы паразітуе A. marginale, A. centrale, у авечак і коз — A. ovis.
Форма цела круглаватая, радзей вуглаватая або выцягнутая, велічыня 0,1—1,25 мкм. Сапраўднага ядра і арганел у анаплазмаў няма. Размнажаюцца простым дзяленнем. У эрытрацытах трапляюцца па 1—2, радзей 3—4 паразіты, зрэдку больш; пашкоджваецца да 50—80% эрытрацытаў.
т. 1, с. 339
АНАПЛАЦЭФАЛІДО́ЗЫ КО́НЕЙ,
гельмінтозныя хваробы, якія выклікаюцца ўзбуджальнікамі — стужачнымі чарвямі (цэстоды сям. Anoplocephalidae). Прамежкавыя гаспадары — панцырныя кляшчы. Жывёлы заражаюцца ў асноўным летам і восенню на пашы пры заглынанні з травой інвазійных кляшчоў. Хваробы характарызуюцца прыступамі колікаў, нерв. прыпадкамі, сутаргамі, паносамі, схудненнем, разрывам страўніка і перытанітам. Лячэнне тэрапеўтычнае. Праводзяць прафілактычныя дэгельмінтызацыі.
т. 1, с. 339
АНА́Р
(сапр. Рзаеў Анар Расул аглы; н. 14.3.1938, Баку),
азербайджанскі пісьменнік. Скончыў Азербайджанскі ун-т (1960). Першыя зб-кі апавяданняў «У чаканні свята» (1963), «Дождж скончыўся» (1968). Аўтар аповесці «Белы ліман» (1970), зб. апавяданняў і аповесцяў «Мала Насрэдзін—66» (1970), «Цэйтнот» (1989), сцэнарыяў мастацкіх фільмаў, нарысаў. Выкрываў раўнадушша, жорсткасць, эгаізм. Аповесці «Круг», «Юбілей Дантэ» (зб. «Круг», 1973) прысвечаны лёсу творчай інтэлігенцыі.
т. 1, с. 339
АНАРГАЗМІ́Я
(ад ан... + аргазм),
адсутнасць аргазму пры палавых зносінах; адна з формаў зніжэння сексуальнасці ў жанчын. Анаргазмія часта спалучаецца са зніжэннем палавой цягі або з поўнай яе адсутнасцю. Частата ўзнікнення залежыць ад узросту жанчыны і рэгулярнага палавога жыцця. Адрозніваюць анаргазмію першасную (з пачатку палавога жыцця) і другасную (страта аргастычных адчуванняў пасля пэўнага перыяду нармальных сексуальных адносін). У аснове анаргазміі ляжаць парушэнні псіхасексуальнага развіцця, некаторыя асаблівасці асобы, псіхагенныя фактары, захворванні. Анаргазмія можа выклікаць адчуванне павышанага крованапаўнення палавых органаў, боль, эмацыянальныя парушэнні, расстройства сну. Лячэнне строга індывідуальнае, праводзіцца сексапатолагам.
т. 1, с. 339
АНАРТАЗІ́Т
(ад франц. anorthose плагіяклаз),
лабрадарыт, алігаклазіт, плагіяклазіт, горная парода групы габра. Складаецца з асн. або сярэдняга плагіяклазу з невял. колькасцю (5—10%) каляровых мінералаў (алівіну, піраксену, тытанамагнетыту і інш.). Колер ад белага да цёмнашэрага, амаль чорнага. Для некаторых анартазітаў характэрна ірызацыя (вясёлкавасць) у сініх і блакітных тонах. Шчыльн. 2700—3000 кг/м³. Анартазіт лічаць магматычнымі пародамі. Сустракаюцца ва ўсіх абласцях выхадаў на дзённую паверхню стараж. горных парод. Выкарыстоўваюць як буд. і абліцовачны камень, на выраб помнікаў.
т. 1, с. 339
АНАРТАКЛА́З
(ад ан... + артаклаз),
мінерал з групы палявых шпатаў, (K, Na)[AlSi3O8]. Крышталізуецца ў трыкліннай сінганіі, пры награванні — у манакліннай. Крышталі здвоеныя, таблітчастыя. Бясколерны ці белы. Шчыльн. 2,6 г/см³. Трапляецца ў вулканічных пародах і гіпабісальных інтрузіўных целах; на Беларусі — у кіслых эфузіўных пародах дакембрыю.
т. 1, с. 339