АНА́ПА,

горад у Расіі, у Краснадарскім краі. 50,3 тыс. ж. (1994). Порт на Чорным м. Чыг. станцыя. Прыморскі кліматычны і бальнеагразевы курорт. Як курорт развіваецца з 19 ст. Славуты паласой дробназярністага пясчанага пляжа даўж. каля 6 км з прылеглым мелкаводдзем, вельмі прыдатным для адпачынку і лячэння дзяцей. Клімат міжземнаморскі, з найб. працяглым на чарнаморскім узбярэжжы перыядам сонечнага ззяння. Марскія брызы, купанні з сярэдзіны мая да сярэдзіны кастрычніка. Выдатныя ўмовы для аэра-, гелія- і таласатэрапіі. Ліманныя, азёрныя і сопкавыя гразі на лячэнне органаў стрававання, гінекалагічных і нерв. хвароб. Радовішчы мінеральных, сталовых і лекавых водаў. Мноства пансіянатаў, дзіцячыя санаторыі, летнія і санаторныя лагеры, дамы адпачынку, турбазы. Археал. музей-запаведнік.

Літ.:

Аванесов В.Н., Погосов Ю.А. Анапа. Краснодар, 1973.

т. 1, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)