Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БІЯЛАГІ́ЧНЫ МАНІТО́РЫНГ,

комплексная сістэма доўгатэрміновага назірання, ацэнкі і прагнозу змяненняў стану навакольнага асяроддзя пад уплывам антрапагенных уздзеянняў. Адначасова ажыццяўляецца назіранне за натуральнай, малазмененай прыродай для параўнання пры ацэнцы антрапагенных змен. З’яўляецца інфармацыйным і не ўключае кіраванне якасцю навакольнага асяроддзя. Ажыццяўляецца на спец. станцыях і ў біясферных запаведніках. Беларусь прымае ўдзел у глабальным і рэгіянальным біялагічным маніторынгу: у сетку міжнар. маніторынгу ўключаны Бярэзінскі біясферны запаведнік і пункт кантролю трансгранічнага пераносу паветра каля г. Высокае (Камянецкі р-н Брэсцкай вобл.).

т. 3, с. 172

БІЯЛАГІ́ЧНЫ О́ПТЫМУМ,

1) спрыяльныя ўмовы, у якіх від мае найб. жыццяздольнасць (рост, развіццё, размнажэнне). Адрозніваюць тэмпературныя, кіслародныя, светлавыя і інш. зоны біялагічнага оптымуму. Віды пры біялагічным оптымуме маюць выйгрыш пры міжвідавых адносінах і ў прыстасаванні да абіятычных фактараў.

2) Умовы, у якіх дадзенае згуртаванне мае перавагу перад іншымі.

3) Дынамічна-балансавае спалучэнне экалагічных фактараў, што забяспечвае ва ўмовах іх натуральных цыклічных ваганняў прыродную раўнавагу ў клімаксавай экасістэме або накіроўвае працэс у бок утварэння клімаксу. Гл. таксама Экалагічны песімум.

т. 3, с. 172

БІЯЛАГІ́ЧНЫ ПРАГРЭ́С,

эвалюцыйны ўздым дадзенай групы арганізмаў у барацьбе за існаванне, які характарызуецца біял. росквітам таксона. Адзначаецца павышэннем колькасці асобін, пашырэннем яго арэала, павелічэннем колькасці даччыных таксанамічных адзінак і інш. (напр., асобныя віды насякомых, касцістыя рыбы, кветкавыя расліны і інш.). Вылучаюць 3 асн. шляхі дасягнення біялагічнага прагрэсу: арамарфоз, алагенез і катагенез. Тэрмін увёў рус. вучоны А.М.Северцаў (1925). Параўн. Біялагічны рэгрэс.

т. 3, с. 172

БІЯЛАГІ́ЧНЫ РЭГРЭ́С,

эвалюцыйны заняпад дадзенай групы арганізмаў, якая не змагла прыстасавацца да змен умоў навакольнага асяроддзя або не вытрымала канкурэнцыі з інш. групамі. Характарызуецца змяншэннем колькасці асобін у пэўным таксоне і падпарадкаваных сістэматычных груп, звужэннем яго арэала, паступова можа прывесці да вымірання дадзенай групы арганізмаў (напр., род хахуляў, сям. гінкгавых; рэптыліі, якія былі пашыраны ў мезазоі, цяпер іх значна менш і арэал абмежаваны). Тэрмін увёў рус. вучоны А.М.Северцаў (1925). Параўн. Біялагічны прагрэс.

т. 3, с. 172

БІЯЛАГІ́ЧНЫ ЎЗРО́СТ , паказчык, які характарызуе пэўны этап развіцця арганізма з уласцівай яму сукупнасцю абменных, марфал., функцыян. і рэгулятарных асаблівасцяў і адаптыўных магчымасцяў, якія мяняюцца з цягам часу. Вызначаецца станам скуры і яе вытворных, зубоў, ступенню акасцянення шкілета, вастрынёй зроку, дыяпазонам акамадацыі хрусталіка і інш. Біялагічны ўзрост можа не адпавядаць храналагічнаму — апярэджваць ці адставаць ад яго. Тэмп біял. узроставых змен залежыць ад спадчыннасці і ўмоў навакольнага асяроддзя (для чалавека — умовы быту, харчаванне, прафес. шкоднасці, хранічныя інтаксікацыі алкаголем, наркотыкамі, нікацінам і інш.).

т. 3, с. 172

БІЯЛАКА́ЦЫЯ

(ад бія... + лакацыя),

здольнасць жывёл вызначаць становішча якога-н. аб’екта ў адносінах да самога сябе (напрамак, адлегласць) або ўласнае месцазнаходжанне ў прасторы (біяарыентацыя). Ажыццяўляецца з дапамогай успрымання вонкавых уздзеянняў (сігналаў) паверхняй цела або спец. органамі пачуццяў (зроку, дотыку, нюху, слыху, раўнавагі і інш.). Большасці жывёл уласціва прамая (пасіўная) біялакацыя, некаторым — эхалакацыя. Біялакацыя — адзін са спосабаў арыентацыі жывёл і біякамунікацыі, развіты ў кажаноў, дэльфінаў, некаторых птушак, землярыек і інш. жывёл. Дзякуючы біялакацыі кіты, напр., адшукваюць вял. колькасць планктону, дэльфіны лацыруюць пароды рыб на адлегласці да 3 км. Гл. таксама Біяакустыка.

т. 3, с. 174

БІЯЛІ́ТЫ,

гл. Арганагенныя горныя пароды.

т. 3, с. 174

БІЯЛО́ГІЯ

(ад бія... + ...логія),

сістэма навук пра жывую прыроду. Даследуе ўсе праяўленні жыцця: будову і функцыю жывых істот і іх прыродных згуртаванняў, пашырэнне, паходжанне і развіццё, сувязі паміж імі і з нежывой прыродай. Тэрмін «біялогія» прапанаваны франц. прыродазнаўцам Ж.Б.Ламаркам і ням. вучоным Г.Р.Трэвіранусам (1802). Адны з першых у біялогіі склаліся комплексныя навукі па аб’ектах даследавання: пра жывёл — заалогія, расліны — батаніка, бактэрый — мікрабіялогія, вірусы — вірусалогія, прасцейшых — пратысталогія. Будову арганізмаў вывучаюць цыталогія, гісталогія, анатомія, функцыі жывых сістэм — фізіялогія жывёл, раслін, чалавека, узаемаадносіны жывых істот паміж сабой і з умовамі навакольнага асяроддзя — экалогія, заканамернасці спадчыннасці і зменлівасці — генетыка, індывід. развіццё — біялогія развіцця, гіст. развіццё жывога — эвалюцыйнае вучэнне. На стыку біялогіі з іншымі навукамі ў 20 ст. ўзніклі і развіваюцца біяхімія, біяфізіка, біёніка, біягеаграфія, радыебіялогія і інш.

Першыя працы па сістэматыцы жывёл вядомы з 4 ст. да н.э. (Арыстоцель), раслін — з 4—3 ст. да н.э. (Тэафраст), пра ўнутр. будову жывёл і чалавека — з 5—2 ст. да н.э. (Гіпакрат, Гален). У сярэднія вякі ішло паступовае назапашванне біял. ведаў. У эпоху Адраджэння праведзена анатаміраванне чалавечага цела (А.Везалій, 1543), у 17 ст. апісаны кругі кровазвароту чалавека (У.Гарвей, 1628), шырока разгарнуліся мікраскапічныя даследаванні раслін (Р.Гук, 1665, М.Мальпігі, 1675—79) і жывёл (А.Левенгук, 1673). У 1735 упершыню ўведзена бінарная наменклатура і найб. поўная штучная класіфікацыя жывёл і раслін (К.Ліней). Пазней былі адкрыты цытаплазма (Я.Пуркіне, 1825) і ядро (Р.Броўн, 1837) клетак, а ў 1839 сфармулявана клетачная тэорыя (Т.Шван), якая мела вял. значэнне ў развіцці тэорыі эвалюцыі арган. свету. Эвалюцыйная тэорыя распрацавана Ламаркам («Філасофія заалогіі», 1809) і Ч.Дарвінам («Паходжанне відаў...», 1859). Сфармуляваныя ў 1865 Г.Мендэлем асн. генет. заканамернасці наследавання атрымалі пацвярджэнне і тлумачэнне на аснове храмасомнай тэорыі спадчыннасці (Т.Морган, 1911). Вызначэнне структуры малекулы ДНК (Дж.Уотсан, Ф.Крык, 1953) прывяло да развіцця малекулярнай біялогіі. У галіне фізіялогіі жывёл І.П.Паўлавым (1903) распрацавана вучэнне аб умоўных рэфлексах і вышэйшай нерв. дзейнасці. У 1920—30-я г. створана эвалюцыі сінтэтычная тэорыя (С.С.Чацверыкоў, Дж.Холдэйн, Р.Фішэр, С.Райт, Ф.Г.Дабржанскі). Вял. дасягненне біялогіі — стварэнне вучэння пра біясферу (У. І.Вярнадскі, 1926) і біягеацэнозы (У.М.Сукачоў, 1942). Значныя заслугі ў развіцці біялогіі належаць рус. вучоным К.А.Ціміразеву, У.А.Кавалеўскаму, А.А.Кавалеўскаму, І.І.Мечнікаву, І.М.Сечанаву, А.М.Северцаву, І.І.Шмальгаўзену і інш.

Развіццё біял. навукі на Беларусі пачалося пасля 1917. Тэарэт. і практычныя праблемы біялогіі распрацоўваюць навук. ўстановы Аддз. біял. навук АН Беларусі, ВНУ, НДІ Мін-ваў аховы здароўя, сельскай гаспадаркі і харчавання, лясной і рыбнай гаспадаркі Беларусі. Даследаваліся ферменты глебы і іх уплыў на рост раслін (В.Ф.Купрэвіч), працэс фотасінтэзу і роля інш. пігментаў у раслін (Ц.М.Годнеў, М.М.Ганчарык). Распрацаваны навук. асновы гетэрозісу і вынікі ўздзеяння іанізавальнымі выпрамяненнямі (М.В.Турбін), колькасныя заканамернасці спадчыннасці і механізм хім. мутагенезу (П.Ф.Ракіцкі). Вывучалася будова перыферычнай нерв. сістэмы і знойдзены шляхі аднаўлення функцыі ўнутр. органаў пры яе пашкоджаннях (Д.М.Голуб), даказана існаванне асобнага тыпу адчувальных нерв. праваднікоў, якія з’яўляюцца асновай вегетатыўных рэфлексаў (І.А.Булыгін). Праведзены даследаванні ў галіне аграхіміі (А.К. Кедраў-Зіхман, С.Н.Іваноў, Т.Н.Кулакоўская), зялёных угнаенняў (Я.К.Аляксееў), меліярацыі (С.Г.Скарапанаў), селекцыі раслін (П.І.Альсмік, А.І.Лапо) і жывёл (М.М.Замяцін). Распрацоўваюцца спосабы аховы насельніцтва ад уздзеяння выпрамяненняў радыенуклідаў на тэрыторыях, забруджаных пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС (Я.Ф.Канапля).

Літ.:

Лункевич В.В. От Гераклита до Дарвина: Очерки по истории биологии. Т. 1—2. 2 изд. М., 1960;

Навука БССР за 50 год. Мн., 1968;

История биологии с начала XX века до наших дней. М., 1975;

Кемп П., Армс К. Введение в биологию: Пер. с англ. М., 1988.

Р.Г.Заяц.

т. 3, с. 174

БІЯЛО́ГІЯ РАЗВІЦЦЯ́,

кірунак у біялогіі, заснаваны на вывучэнні прычынных механізмаў і рухаючых сіл індывід. развіцця (антагенезу) жывёл і раслін. Як самаст. галіна даследаванняў сфарміравалася ў сярэдзіне 20 ст. Вывучае розныя аспекты працэсу развіцця на малекулярным, клетачным, тканкавым, органавым і арганізмавым узроўнях, вырашае фундаментальныя праблемы рэалізацыі праграм генет. інфармацыі ў ходзе антагенезу і малекулярных асноў фенатыпічных змен, нармальнага і пухліннага росту клетак і клетачных папуляцый, марфагенезу, спецыфікі клетачнай, тканкавай, органавай дыферэнцыроўкі, клетачных узаемадзеянняў, узнікнення і станаўлення рэгулятарных механізмаў, якія забяспечваюць цэласнасць развіцця, крытычных узроўняў у працэсе развіцця, рэгенерацыі і інш. Дасягненні біялогіі развіцця перспектыўныя ў кіраванні развіццём раслін і жывёл, рэгуляцыі іх колькасці, полу і інш.

Літ.:

Зуссман М. Биология развития: Пер. с англ. М., 1977;

Математическая биология развития. М., 1982;

Михайлов А.Т.,Симирский В.Н. Методы иммунохимического анализа в биологии развития. М., 1991.

А.С.Леанцюк.

т. 3, с. 175

БІЯЛЮМІНЕСЦЭ́НЦЫЯ

(ад бія... + люмінесцэнцыя),

свячэнне жывых арганізмаў, абумоўленае біяхім. працэсамі; від хемалюмінесцэнцыі. Уласціва некаторым бактэрыям, ніжэйшым раслінам, грыбам, насякомым (жукі-светлякі і інш.), беспазваночным, рыбам. Вельмі пашырана сярод марскіх жывёл.

У большасці выпадкаў біялюмінісцэнцыя ўзнікае ў выніку ферментатыўнага акіслення асобных рэчываў — люцыферынаў. Частка малекул люцыферынаў за кошт вызваленай пры гэтым хім. энергіі пераходзіць ва ўзбуджаны стан, пры вяртанні ў асн. стан яны выпраменьваюць святло. Біялюмінісцэнцыя выкарыстоўваецца для асвятлення і прынады здабычы (напр., у глыбакаводных рыб), для перасцярогі, адпужвання або адцягвання ўвагі драпежнікаў, у якасці сігналу для сустрэчы самцоў і самак у шлюбны перыяд (розныя віды светлякоў).

Літ.:

Мак-Элрой У.Д., Зелигер Г.Г. Происхождение и развитие биолюминесценции // Горизонты биохимии: Пер. с англ. М., 1964;

Тарусов Б.Н. Сверхслабое свечение живых организмов. М., 1972.

Г.К.Ілыч.

т. 3, с. 175