Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БУДУА́Р

(франц. boudoir),

невялікі гасціны пакой інтымнага характару. Прызначаўся для прыёму найб. блізкіх сяброў і знаёмых. Узнік у пач. 18 ст. ў франц. мастацтве інтэр’ера і стаў неад’емным элементам палацавага ўбранства часоў ракако і класіцызму. Яго абсталёўвалі ўтульнай мэбляй (крэслы, софы, столікі, бюро), упрыгожвалі жывапіснымі палотнамі сентыментальна-эратычнага характару.

т. 3, с. 316

БУ́ДЧА,

вёска ў Беларусі, у Чудзінскім с/с Ганцавіцкага р-на Брэсцкай вобл. Цэнтр калгаса. За 33 км ад горада і чыг. ст. Ганцавічы, 283 км ад Брэста. 1123 ж., 474 двары (1996). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Юр’еўская царква (1896).

т. 3, с. 316

БУ́ДЫ,

вёска ў Беларусі, у Горацкім р-не Магілёўскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 5 км на У ад г. Горкі, 93 км ад Магілёва, 7 км ад чыг. ст. Пагодзіна. 262 ж., 84 двары (1995). Клуб, б-ка, адцз. сувязі.

т. 3, с. 316

БУДЫ́ЗМ,

адна з трох сусв. рэлігій (разам з хрысціянствам і ісламам). Узнік у 6 ст. да н.э. як рэакцыя стараж.-інд. насельніцтва на брахманізм і каставы падзел грамадства, дзе дасягненне канчатковай мэты рэліг. практыкі залежала ад брахманаў і было недасягальнае для ніжэйшых кастаў. Заснавальнікам будызму лічыцца інд. прынц Сідхартха Гаўтама, празваны Будам. У цэнтры будызму вучэнне пра 4 высакародныя ісціны: існуе жыццё-пакута; прычына пакут у жаданнях; паглыбляючыся ў нірвану, можна спыніць пакуты; метад дасягнення нірваны — «васьмярычны шлях» (складаецца з сапраўдных поглядаў, рашучасці, намагання, засяроджвання; кантролю над мовай; з праведных дзеянняў, жыцця, намераў). У будызме выказваецца думка пра адмаўленне і ад крайнасцей, звязаных з рытуаламі брахманізму, і ад аскетызму; ён вядомы як «сярэдні шлях». Першапачаткова будызм быў хутчэй філас.-этычным вучэннем, пазней пашырыўся за межы Індыі, набыў рысы рэлігіі. Дактрына будызму распрацавана ў працэсе стварэння будыйскіх школ і кірункаў. На мяжы 1—2-га тыс. н.э. перастаў адыгрываць адметную ролю ў гісторыі і культуры Індыі, як сусв. рэлігія фарміраваўся за яе межамі.

Літ.:

Щербатской Ф.И. Избранные труды по буддизму. М., 1988;

Розенберг О.О. Труды по буддизму. М., 1991;

Буддизм: Словарь. М., 1992.

А.В.Гурко.

т. 3, с. 317

БУДЫ́ЙСКІЯ ШКО́ЛЫ,

філасофскія школы будызму, розныя па кірунку, арганізацыі і назвах. У будызме існуе каля 30 філас. школ; найб. пашыраны: тхеравада (школа старой мудрасці), самая ранняя, найб. артадаксальная. Арганізавана паслядоўнікамі Буды пасля яго смерці (544 да н.э.), не арыентавалася на асоб недухоўнага звання. Дасягненне прасвятлення бачыла ў літаральным прытрымліванні ладу жыцця і характару медытацыі Сідхартха Гаўтамы (заснавальнік будызму). Пашырана ў Шры-Ланцы; Бірме, Тайландзе, Лаосе, Камбоджы, Індыі, Бангладэш, В’етнаме, Малайзіі, Непале; хінаяна (санскр. малая калясніца), сістэма школ Паўднёвага будызму, аднаго з асн. кірункаў будызму. Паводле хінаяны, гал. ўвага канцэнтруецца на вывучэнні прыроды дхарм (элементы, што ляжаць у аснове матэрыяльных і духоўных рэчаў і з’яў) і дасягненні нірваны (адсутнасць жаданняў, абс. адарванасць ад навакольнага свету) этычным шляхам; махаяна (вялікая калясніца), распрацавала тэорыю боскай субстанцыі і сляпой веры ў яе стваральныя магчымасці. Гэта прывяло да стварэння пантэона будаў, багоў, ускладнення культавых элементаў і дактрынальнай часткі вучэння. Арыентавана на адмаўленне ад асабістага выратавання дзеля дапамогі іншым істотам і агульнага выратавання. Больш простая і дасягальная для асоб недухоўнага звання. Пашырана ў Тыбеце, Карэі, Манголіі, Кітаі, Японіі; ваджраяна (алмазная калясніца) — эзатэрычнае вучэнне са спецыфічнай рытуальнай практыкай, звязана з традыцыяй тантры (свяшчэнныя тэксты; магія). Аддзялілася ад махаяны ў 1-м тыс. н.э. Пашырана ў Шры-Ланцы, Інданезіі, Кітаі, Японіі, Тыбеце, Расіі.

Літ.:

Гл. пры арт. Будызм.

А.В.Гурко.

т. 3, с. 317

БУДЫ́КА Міхаіл Іванавіч

(н. 20.1.1920, г. Гомель),

расійскі геафізік. Акад. Расійскай АН (1992, чл.-кар. 1964). Чл.-кар. АН СССР (1964). Скончыў Ленінградскі політэхн. ін-т (1942). Працаваў у Гал. геафіз. абсерваторыі імя А.І.Ваейкава (з 1954 дырэктар). Асн. працы ў галіне фіз. кліматалогіі, біякліматалогіі, актынаметрыі. Разам з А.А.Грыгор’евым сфармуляваў перыядычны закон геагр. занальнасці; вывучаў цеплавы баланс зямной паверхні. Ленінская прэмія 1958.

Тв.:

Климат и жизнь. Л., 1971;

Эволюция биосферы. Л., 1984;

Путешествие во времени. М., 1990.

т. 3, с. 317

БУДЫ́КА Сяргей Хрыстафоравіч

(17.3.1909, г. Краснадар, Расія — 7.3.1988),

бел. вучоны ў галіне гідратэхнікі. Чл.-кар. АН Беларусі (1972), д-р тэхн. н. (1959), праф. (1960). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1977). Скончыў Паволжскі лесатэхн. ін-т (Йашкар-Ала, 1934). Працаваў у Бел. лесатэхн. ін-це, у Ін-це лесу АН Беларусі. У 1959—63 прарэктар Бел. тэхнал. ін-та. Навук. працы па гідратэхн. меліярацыі Палесся, інж. гідралогіі і рачной гідраўліцы, водным транспарце лесу.

Тв.:

Белорусское Полесье: проблемы, перспективы. Мн., 1982.

т. 3, с. 317

«БУДЭКАНО́МІКА»,

Навукова-даследчы ін-т «Будэканоміка» Рэспублікі Беларусь; арэндная ўстанова (з 1990). Засн. ў 1976 у Мінску як комплексны аддзел (з 1977 Бел. філіял) Усесаюзнага н.-д. і праектнага ін-та працы ў буд-ве Дзяржбуда СССР. З 1991 «Будэканоміка». Асн. кірункі дзейнасці: падрыхтоўка заканадаўчых і нарматыўных актаў, інструктыўных і метадычных дакументаў, якія рэгулююць адносіны ўдзельнікаў капітальнага буд-ва ва ўмовах рынку, у т. л. раздзяржаўленне і прыватызацыя з улікам спецыфікі буд. комплексу; распрацоўка нарматыўнай базы па працы ў буд-ве; ацэнка фін. становішча, выкананне працэдур, звязаных з санацыяй, кансервацыяй і банкруцтвам прадпрыемстваў.

С.Б.Дробышава.

т. 3, с. 317

БУДЭ́Н

(Boudin) Эжэн (13.7.1824, г. Анфлёр, Францыя — 8.8.1898),

французскі жывапісец. Яго паэтычныя пейзажы з тонкай фіксацыяй паветранага асяроддзя папярэднічалі жывапісным пошукам майстроў імпрэсіянізму («Крыналіны на пляжы ў Трувілі», 1869; «Пляж у Трувілі», 1871).

т. 3, с. 317