БУ́ДА-КАШАЛЁЎСКІ СТРОЙ,
традыцыйны комплекс бел. нар. адзення на Падняпроўі, пераважна ў Буда-Кашалёўскім, Гомельскім, Рэчыцкім р-нах. Бытаваў у 19 — пач. 20 ст. Для яго характэрныя разнастайныя прыёмы вышыўкі і стрыманасць каларыту. Асноўныя часткі жаночага гарнітура: кашуля з прамымі плечавымі ўстаўкамі, адкладным каўняром і шырокімі рукавамі, спадніца (цёмна-чырвоны з чорнай клеткай андарак ці палатнянік), белы льняны фартух з фальбонай унізе, доўгі са складкамі на спіне чорны ці цёмна-сіні гарсэт (шнуроўка), пояс з кутасамі. Галаўныя ўборы жанчын: намітка, чапец з кужалю ці паркалю, даматканая ці крамная хустка, завязаная «на ўрожкі». Шыйныя і нагрудныя ўпрыгожанні — каралі, стужкі і інш. У мужчынскі гарнітур уваходзілі тунікападобная кашуля з адкладным ці стаячым каўняром, прамымі ці сабранымі ў каўнерац рукавамі, ільняныя ці суконныя нагавіцы, узорыста-тканы з вялікай гронкай кутасоў пояс. Адзенне аздаблялі вышыўкай, якой уласцівыя ахраматычнасць і геаметрычная дакладнасць старадаўніх матываў. Аднаколерная вышыўка чорнымі ці белымі баваўнянымі ніткамі вызначаецца ювелірнасцю рамбічнага арнаменту. Двухбаковая падліковая гладзь спалучаецца з гафтам (сакаленнем), мярэжкай, карункамі, а таксама арыгінальным і характэрным для гэтага строю прыёмам аздаблення — маршчэннем (збіранне палатна ў дробныя гафрыраваныя складачкі). Галаўныя ўборы мужчын, жаночая і мужчынская вопратка істотных мясцовых адрозненняў ад агульнанацыянальных відаў і формаў не мелі.
М.Ф.Раманюк.
т. 3, с. 307
БУ́ДА-ЛЮ́ШАЎСКАЯ , вёска ў Беларусі, у Буда-Кашалёўскім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 19 км на Пн ад г. Буда-Кашалёва, 67 км ад Гомеля, 8 км ад чыг. ст. Салтанаўка. 745 ж., 272 двары (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.
т. 3, с. 308
БУДЗЕ́ВІЧ Іван Іванавіч
(н. 25.12.1940, г. Ліда Гродзенскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне біятэхналогіі с.-г. жывёл. Чл.-кар. ААН Беларусі (1996). Д-р с.-г. н. (1992), праф. (1996). Скончыў Гродзенскі с.-г. ін-т (1968). З 1972 у Бел. НДІ жывёлагадоўлі. Навук. працы па праблемах біятэхналогіі трансплантацыі эмбрыёнаў у малочным і мясным статках, доўгатэрміновым захаванні зародкаў (крыякансерваванне) і стварэнні крыябанка эмбрыёнаў высокакаштоўных генатыпаў буйн. раг. жывёлы.
Тв.:
Состояние естественной резистентности телят, полученных методом трансплантации эмбрионов (у сааўт.) // Науч. основы развития животноводства в Республике Беларусь. Мн., 1993. Вып. 24;
Криоконсервирование эмбрионов купного рогатого скота молочных и мясных пород (у сааўт.) // Тамсама. 1994. Вып. 25.
т. 3, с. 313
БУДЗЕ́ЎСКАЯ
(сапр. Ганчава) Адрыяна (13.12.1878, г. Добрыч, Балгарыя — 9.12.1955),
балгарская актрыса. Нар. арт. Балгарыі (1953). Скончыла тэатр. вучылішча Малога т-ра (Масква, 1899). Да 1926 у трупе «Сляза і смех» (Нар. тэатр, Сафія). Садзейнічала станаўленню рэаліст. акцёрскага мастацтва ў Балгарыі. Сярод роляў: Рада («Пад прыгнётам» І.Вазава), Свякроў («Свякроў» А.Страшымірава), Нора («Нора» Г.Ібсена).
т. 3, с. 313
БУДЗЁНАЎСКАЯ ПАРО́ДА верхавых коней. Выведзена ў 1921—48 на конных з-дах Растоўскай вобл. скрыжаваннем кабыл данской і часткова чарнаморскай парод з чыстакроўнымі верхавымі жарабцамі. У Расіі і Казахстане выкарыстоўваюць для верхавой язды, на лёгкіх трансп. і верхавых работах, для паляпшэння пагалоўя рабочых коней; на Беларусі — у конным спорце.
Коні буйныя, склад цела гарманічны, выш. ў карку 162—166 см, галава прапарцыянальная з прамым профілем, шыя доўгая прамая, спіна кароткая прамая, канечнасці сухія моцныя. Масць рыжая, часам бурая ці гнядая. Вызначаецца высокімі спарт. якасцямі: рэкордная рэзвасць у гладкіх скачках на 1600 м — 1 мін 43,4 с.
М.А.Гарбукоў.
т. 3, с. 313
БУДЗЁННЫ Сямён Міхайлавіч
(25.4.1883, хутар Казюрын Пралетарскага р-на Растоўскай вобл. — 26.10.1973),
савецкі ваенны і дзярж. дзеяч. Маршал Сав. Саюза (1935), тройчы Герой Сав. Саюза (1958, 1963, 1968). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1932). Удзельнік рус.-японскай і 1-й сусв. войнаў (быў узнагароджаны 4 Георгіеўскімі крыжамі). Летам 1917 разам з Каўказскай кав. дывізіяй прыбыў у Мінск, выбраны старшынёй палкавога і чл. дывізіённага к-таў. Пад кіраўніцтвам Будзённага 1-я брыгада Каўказскай дывізіі разам з рэўкомам аршанскіх чыгуначнікаў раззброіла 5 эшалонаў карнілаўскай «дзікай» дывізіі, якая праз Оршу накіроўвалася на барацьбу з рэв. Петраградам. У час. грамадз. вайны сфарміраваў у 1918 конны атрад, які перарос у дывізію. З 1919 камандзір у Чырв. Арміі коннага корпуса і створанай на яго базе Першай Коннай арміі. У Вял. Айч. вайну камандуючы групай армій рэзерву Галоўнакамандавання, галоўнакамандуючы войскамі Паўд.-Зах. і Паўн.-Каўказскага напрамкаў, камандуючы Зах. рэзервовым і Паўн.-Каўказскім франтамі, кавалерыяй Узбр. Сіл СССР. Канд. у чл. ЦК КПСС у 1934—39 і з 1952. Чл. ЦК КПСС у 1939—52. Чл. ВЦВК, ЦВК СССР. Дэп. Вярх. Савета СССР з 1937. Чл. Прэзідыума Вярх. Савета СССР з 1938. Адзін з арганізатараў масавых рэпрэсій 1930 — пач. 1950-х г. сярод ваенных.
т. 3, с. 313
БУ́ДЗІ
(Budi) П’етэр (1566—1622),
дзеяч албанскага вызв. руху, епіскап (з 1621) Сапы і Сарданіі (Паўн. Албанія). Дамагаўся «албанізацыі» каталіцкай царквы замяшчэннем царк. пасад мясцовымі ўраджэнцамі. Імкнуўся да вызвалення Албаніі ад тур. прыгнёту і разлічваў на дапамогу папы рымскага і еўрап. дзяржаў, распрацаваў план агульнаалб. паўстання супраць Асманскай імперыі, які не быў падтрыманы Ватыканам. Перакладаў духоўную л-ру на алб. мову. Аўтар рэліг. твораў «Дактрына і катэхізіс» (1618), у якім змясціў 10 сваіх вершаў.
т. 3, с. 313
БУДЗІВІ́Д,
князь ВКЛ 2-й пал. 13 ст., брат Будзікіда.
т. 3, с. 313
БУДЗІКІ́Д,
князь ВКЛ у 13 ст. Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1289, калі ён са сваім братам Будзівідам аддаў г. Ваўкавыск валынскаму кн. Мсціславу Данілавічу, каб захаваць з ім мір. У некаторых ням. хроніках Будзікід выступае пад імем Путувера і Лютувера. Апошні ўпамінаецца ў хроніцы П.Дусбурга пад 1291 як князь літоўскі, бацька Віценя. Магчыма, Будзікід пасля смерці кн. Трайдзеня разам з братам стаў вял. князем. Перадача Ваўкавыска магла азначаць паступовую страту Новагародскай зямлёй сваёй дамінуючай ролі ў ВКЛ.
М.І.Ермаловіч.
т. 3, с. 313