Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АМБРЫКА́НА-ПАНА́МСКІЯ ДАГАВО́РЫ 1903, 1936, 1955, 1977 аб канале. Дагавор Хея — Бюно-Варыльі 1903

(падпісаны 18 ліст. ў Вашынгтоне) гарантаваў незалежнасць Панамскай Рэспублікі (абвешчана 3.11.1903),

а Панама здавала ў арэнду ЗША «на неабмежаваны час» частку сваёй тэр. шырынёй 16,1 км для будаўніцтва і эксплуатацыі міжакіянскага канала і саступала ім усе суверэнныя правы над зонай Панамскага канала. ЗША атрымала таксама права манапольна эксплуатаваць усе шляхі зносін праз тэр. Панамы паміж Ціхім ак. і Карыбскім м., выкарыстоўваць свае ваен. і паліцэйскія сілы для падтрымання парадку і абароны канала. За гэта ЗША павінны былі выплаціць Панаме 10 млн. дол. адначасова і выплачваць па 250 тыс. дол. штогод праз 9 гадоў пасля абмену ратыфікацыйнымі граматамі.

Дагавор 1936 (падпісаны 2 сак. ў Вашынгтоне) адмяняў артыкулы дагавора 1903 пра гарантыі ЗША падтрымліваць незалежнасць Панамы і парадак у яе гарадах Панама і Калон. ЗША адмовіліся (фармальна) ад права карыстацца тэр. за межамі канала. Штогадовыя выплаты Панаме павялічваліся да 430 тыс. дол.

Дагавор Рэмона—Эйзенхаўэра 1955 (падпісаны 25 студз. разам з «Мемарандумам аб узгодненых рашэннях», які рэгуляваў заробак мясц. служачых кампаніі Панамскага канала), адмяняў манапольнае права ЗША будаваць чыгункі і шашэйныя дарогі на Панамскім перашыйку, ураўнаваў у зарплаце панамцаў з амерыканцамі, павялічваў штогадовыя выплаты да 1930 тыс. дол. Панаме вярталася частка зямлі, раней набытая ў яе кампаніяй канала.

Дагавор аб Панамскім канале і Дагавор аб пастаянным нейтралітэце і функцыянаванні Панамскага канала 1977 (падпісаны 7 вер. ў Вашынгтоне прэзідэнтам ЗША Дж.Картэрам і кіраўніком урада Панамы А.Тарыхасам) прадугледжвалі канчатковую перадачу канала пад кантроль Панамы 1.1.2000, ліквідацыю зоны канала і вывад амер. войскаў з размешчаных у ёй ваен. базаў, павелічэнне штогадовых выплат да 10 млн. дол. і інш. Панама абвяшчае канал пастаянна нейтральным і разам з ЗША адказвае за «захаванне рэжыму нейтралітэту». Ваен. і дапаможныя судны абедзвюх дзяржаў маюць права на «хуткі транзіт праз канал». Абодва дагаворы ўхвалены на плебісцыце ў Панаме, які адбыўся 23.10.1977. З 1982 Панама пачала ажыццяўляць цывільнае кіраванне і паліцэйскую ўладу ў зоне канала.

т. 1, с. 313

АМБУЛАТО́РНА-ПАЛІКЛІНІ́ЧНАЯ ДАПАМО́ГА пазабальнічная медыцынская дапамога, якая аказваецца ў амбулаторыях, паліклініках, кансультацыях, дыспансерах, медыка-санітарных частках, фельчарска-акушэрскіх пунктах, дыягнастычных цэнтрах і інш. мед. установах (самастойных ці ў складзе бальніц). Найб. масавы, даступны і набліжаны да месца жыхарства або працы від мед. абслугоўвання і аказання першаснай медыка-сан. дапамогі насельніцтву. Асн. формы амбулаторна-паліклінічнай дапамогі: экстраная, лячэбна-дыягнастычная, лячэбна-кансультацыйная, прафілакт., рэабілітацыйная.

На Беларусі з пач. 1990-х г. пачалося фарміраванне тэр. мед. аб’яднанняў, у склад якіх уваходзяць паліклінікі (для дарослых, дзяцей, стаматалагічная), жаночыя кансультацыі, дыспансеры, мед.-сан. часткі, станцыі і аддзяленні хуткай мед. дапамогі і інш. Уводзяцца новыя арганізац. структуры — аддзяленні прафілактыкі, мед. рэабілітацыі, адзіныя акушэрска-тэрапеўтычныя і педыятрычныя комплексы, дыягнастычныя цэнтры, гасп.-разліковыя паліклінікі, касметалагічныя лячэбніцы, фізіятэрапеўт. паліклінікі, перасоўныя амбулаторыі, флюараграфічныя, стаматалагічныя і зубапратэзныя кабінеты і інш. Пашыраюцца формы прыватнага аказання амбулаторна-паліклінічнай дапамогі. Больш як 1,5 тыс. ўстаноў амбулаторна-паліклінічнай дапамогі (1994) абслугоўваюць каля І0% хворых.

Э.А.Вальчук.

т. 1, с. 310

АМБУЛАТО́РЫЯ

(ад лац. ambulatorius рухомы),

лячэбна-прафілактычная ўстанова, што аказвае мед. дапамогу ў самой установе і дома. У адрозненне ад паліклінікі абслугоўвае хворых толькі па асн. трох спецыяльнасцях: тэрапіі, педыятрыі і стаматалогіі. У амбулаторыі вял. населеных пунктаў працуюць таксама акушэрка-гінеколаг, хірург, неўрапатолаг. Пры амбулаторыі можа дзейнічаць пункт неадкладнай дапамогі, дзённы стацыянар на 4—6 ложкаў. Мед. дапамога насельніцтву ажыццяўляецца па ўчасткова-тэр. прынцыпе. Існуюць амбулаторыі пераважна ў невял. гарадах і сельскай мясцовасці; бываюць самастойныя, пры бальніцах і на прамысл. прадпрыемствах, перасоўныя з клініка-дыягнастычнай, флюараграфічнай, стаматалагічнай і інш. лабараторыямі. У 1994 на Беларусі дзейнічалі 364 амбулаторыі, дзе працавала 497 урачоў.

т. 1, с. 310

АМБУ́НДУ,

мбунду (саманазва кімбунду), народ у Анголе. 2 млн. чал. (1987). Гавораць на мове групы банту. Прытрымліваюцца ў асноўным традыц. культаў. Ёсць католікі і прыхільнікі сінкрэтычных культаў.

т. 1, с. 310

АМВРО́СІЕЎКА,

стаянка і косцішча верхняга палеаліту (каля 25—20 тыс. г. таму назад) каля в. Амвросіеўка (Данецкая вобл., Украіна). На стаянцы, дзе жылі першабытныя паляўнічыя, выяўлены рэшткі агнішчаў, вял. колькасць апрацаванага крэменю, на косцішчы — касцявыя рэшткі 983 зубраў. У археал. л-ры косцішча Амбросіеўка разглядаецца як месца адначасовага палявання на вял. статак зуброў, рэшткі свяцілішча ці вынік шматгадовага палявання жыхароў стаянкі.

т. 1, с. 310

АМВРО́СІЙ

(1426 або каля 1430 — каля 1494),

рускі разьбяр і ювелір. Працаваў у Троіцка-Сергіевай лаўры. Створаны ім разьбяны абразок-складзень з выявай Тройцы (1456) — выдатны помнік стараж.-рус. мініяцюры. У гэтым творы, а таксама ў работах інш. майстроў, што працавалі з Амвросіем, прыкметны ўплыў А.Рублёва.

А.К.Лявонава.

т. 1, с. 310

Амвросьева Тамара Васілеўна

т. 18, кн. 1, с. 333

АМВРО́СЬЕЎ Аляксей Пятровіч

(н. 23.3.1925, в. Кіў-Серт Мураты Вурнарскага р-на, Чувашыя),

вучоны ў галіне марфалогіі, радыебіялогіі і цытагенетыкі. Д-р мед. н. (1969), праф. (1970). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1954). З 1954 у Ін-це фізіялогіі, з 1987 — радыебіялогіі АН Беларусі. Навук. працы па ўзроставай анатоміі нерв. сістэмы чалавека і жывёл, радыяцыйнай марфалогіі і эмбрыялогіі.

Тв.:

Нейрогуморальная регуляция и двигательная активность пра старении. Мн., 1984 (у сааўт.).

т. 1, с. 310

АМГА́,

рака ва Усх. Сібіры, левы прыток Алдана, у Рэспубліцы Саха (Якуція). Даўж. 1462 км, пл. бас. 69,3 тыс. км². Пачынаецца на Алданскім нагор’і, цячэ ў вузкай і глыбокай даліне з камяністым рэчышчам, у нізоўях — на Цэнтральнаякуцкай нізіне, даліна шырокая, рэчышча звілістае. Жыўленне снегавое і дажджавое. Высокае веснавое разводдзе і частыя летнія паводкі. Ледастаў з кастр. да мая. Зімой наледзі. Сярэднегадавы расход вады каля 190 м³/с. У бас. Амгі больш за 5,5 тыс. азёраў. Суднаходная на 472 км ад вусця.

т. 1, с. 310

АМГО́ВІЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Слуцкім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета. За 23 км на ПнУ ад Слуцка, 125 км ад Мінска, 25 км ад чыг. ст. Слуцк. 520 ж., 202 двары (1995). Сярэдняя школа, клуб, бальніца, аддз. сувязі. За 0,3 км на ПдЗ ад Амговіч гарадзішча жал. веку. Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан.

т. 1, с. 310