Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

БІ́ЗНЕС-ПЛАН,

дакумент з абгрунтаваннем запланаванай камерцыйнай дзейнасці фірмы на пэўны перыяд. Распрацоўваецца супрацоўнікамі фірмы з дапамогай кансультантаў і, як правіла, з удзелам яе кіраўніка для абгрунтавання заявак на атрыманне крэдыту ў камерцыйных банках, распрацоўкі праектаў стварэння прыватных фірмаў, складання праспектаў эмісіі каштоўных папер (акцый і аблігацый), прыватных прадпрыемстваў і тых, якія прыватызуюцца. Мэта бізнес-плана: вывучэнне рынку збыту запланаванай прадукцыі (паслуг) з улікам іх колькасці і якасці, аналіз выдаткаў вытв-сці і ступень прыбытковасці запланаванага камерцыйнага мерапрыемства, аналіз магчымага развіцця падзей у запланаванай справе, у т. л. цяжкасцяў і шляхоў іх пераадолення, вылучэнне прыярытэтных паказчыкаў, па якіх можна ацаніць пачатак задуманага мерапрыемства.

А.​М.​Дземічаў.

т. 3, с. 149

БІЗО́Н (Bison bison) млекакормячае роду зуброў сям. пустарогіх. 2 падвіды. Быў пашыраны ад паўн.-зах. і цэнтр. Канады на Пд да цэнтр. Мексікі. У 19 ст. амаль знішчаны. Колькасць часткова адноўлена, пераважна на ахоўных тэр. ЗША і Канады (некалькі дзесяткаў тыс. галоў). Акліматызаваны ў цэнтр. Алясцы, завезены ў запаведнік Асканія-Нова.

Даўж. да 3 м, выш. ў карку да 1,9 м, маса да 1 т. Выглядам і біялогіяй падобны да зубра. Тулава моцнае, масіўнае, з высокім «гарбом». Ногі кароткія, тоўстыя. Рогі круглыя, гладкія, чорнага колеру. Поўсць густая, цёмна-бурая, на галаве, шыі і плячах значна даўжэйшая. Палаваспеласць у 2—3 гады. У прыплодзе звычайна адно цяля. Корміцца расліннасцю. Ахоўваецца.

Бізон.

т. 3, с. 149

БІЗЭ́ ((Bizet) Жорж) (сапр. імя Аляксандр Сезар Леапольд, пры хрышчэнні Жорж; 25.10.1838, Парыж — 3.6.1875),

французскі кампазітар, піяніст. Скончыў Парыжскую кансерваторыю (1857, вучыўся ў А.​Мармантэля, П.​Цымермана, Ф.​Галеві, Ш.Гуно). У 1857 за кантату «Клавіс і Клацільда» атрымаў вял. Рымскую прэмію, у 1858—60 жыў у Італіі. Адмовіўшыся ад канцэртнай дзейнасці, займаўся кампазітарскай творчасцю. Напісаў каля 20 опер (многія не закончаны), у т. л. «Дон Пракопіо» (1858—59, паст. 1906), «Іван Грозны» (1865, не закончана, паст. 1946), З аперэты, у т. л. «Доктар Міракль» (1857), музыку да драм. спектакляў. Найб. блізкія яму былі сюжэты з элементамі псіхал. драмы, вострымі канфліктамі. Раннія оперы Бізэ «Шукальнікі жэмчугу» (1863), «Перцкая прыгажуня» (паводле В.​Скота, 1866, паст. 1867) развіваюць традыцыі франц. лірычнай оперы, вылучаюцца меладычным багаццем, маляўнічасцю аркестроўкі, зручным для спеваў выкладаннем вак. партый. У іх выявілася імкненне кампазітара да народнасці, жыццёвай праўды. Рэаліст. тэндэнцыі больш яскравыя ў оперы «Джаміле» (паводле паэмы А.​Мюсэ «Намуна», 1871, паст. 1872) і музыцы да драмы А.​Дадэ «Арлезіянка» (1872). Ён амаль не карыстаўся цытатамі, але, засвоіўшы рытма-інтанац. асаблівасці нар. напеваў, дакладна ўзнаўляў у іх характар усх. і правансальскай музыкі. Вял. папулярнасць набылі 2 аркестравыя сюіты з музыкі да «Арлезіянкі» (1-я належыць Бізэ, 1872, 2-я — Э.​Гіро, 1885) — яркі ўклад у сусв. сімф. музыку. Найб. значны твор Бізэ — опера «Кармэн» (паводле П.​Мерымэ, 1875) — адна з вяршыняў опернага мастацтва 19 ст. Аўтар арк. твораў, у т. л. сімфоніі-кантаты «Васка да Гама» (1859—60), сімфоніі «Рым» (1871), фп. п’ес, рамансаў, песень і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Письма. 2 изд. М., 1988.

Літ.:

Брук М. Бизе. М., 1938;

Хохловкина А. Жорж Бизе. М., 1959;

Robert F. Georges Bizet: L’homme et son oeuvre. [Paris, 1965].

Л.​А.​Сівалобчык.

Ж.Бізэ.

т. 3, с. 149

БІІ́ШАВА (Зайнаб Абдулаўна) (н. 2.1.1908, с. Туюмбетава Кугарчынскага р-на, Башкортастан),

башкірская пісьменніца. Нар. пісьменніца Башкортастана (1990). Скончыла Башкірскі пед. тэхнікум (Арэнбург, 1929). Друкуецца з 1930. У аповесцях «Кюнхылыу» (1949), «Гельямал» (1953), «Чалавек-дзівак» (1960), «Дзе ты, Гульніса?» (1962), «Думы, думы...» (1963), сказе «Каханне і нянавісць» (1964) — філас. праблемы, узаемаадносіны асобы і грамадства, каларытныя вобразы жанчын-башкірак. У драм. творах выкарыстоўвала сюжэты башк. нар. творчасці. Аўтар першай у башк. л-ры трылогіі («Зняважаныя», 1958; «Абуджэнне», 1966; «Да святла», 1969) аб жыцці дарэв. Башкірыі, падзеях рэвалюцыі і грамадз. вайны.

Тв.:

Рус. пер.Избр. произв. Т. 1—2. М., 1988.

Літ.:

Алибаева С.А., Журавлева А.А., Журавлева А.Н. Зайнаб Биишева: Жизнь и творчество. Уфа, 1993.

К.​А.​Аралбаеў.

т. 3, с. 150

БІ́ЙСК,

горад у Расійскай Федэрацыі, цэнтр раёна ў Алтайскім краі. Засн. ў 1707. 232,0 тыс. ж. (1994). Прыстань на р. Бія. Чыг. станцыя. Пач. пункт Чуйскага аўтамаб. тракту да граніцы з Манголіяй. Машынабудаванне (вытв-сць катлоў, прыбораў, абсталявання для харч. прам-сці і інш.), хім. (лакі і фарбы), дрэваапр., лёгкая (абутковая, швейная), харч. (мясная, масласыраробная, малочная, цукр. і інш.) прам-сць. 2 ВНУ. Драм. т-р. Краязнаўчы музей імя В.​Біянкі.

т. 3, с. 150

БІЙ-ХЕМ,

гл. Вялікі Енісей.

т. 3, с. 150

БІКАЛАТЭРА́ЛЬНЫ ПУЧО́К [ад бі... + лац. col- (con-) з, разам + lateralis бакавы],

правадны пучок сасудаў вышэйшых раслін, у якім да драўніны (ксілемы) з вонкавага і ўнутр. бакоў прылягаюць 2 цяжы лубу (флаэмы). Складаецца з аднаго поўнага калатэральнага пучка і шчыльна прылеглага да яго няпоўнага пучка. Бікалатэральны пучок характэрны для сцёблаў гарбузовых і паслёнавых.

т. 3, с. 150

БІКАНЕ́Р,

горад на ПнЗ Індыі, у штаце Раджастхан. Засн. ў 1488. 415 тыс. ж. (1990). Чыг. і аўтамаб. вузел. Гандл. цэнтр (воўна, скуры, соль, збожжа) раёна арашальнага земляробства ў пустыні Тар. Хім. прам-сць; эл.-тэхн. і мех. прадпрыемствы, выраб шкла і керамікі. Саматужны выраб дываноў, шарсцяных хустак, пледаў, коўдраў, маст. вырабаў з слановай косці і каштоўнай драўніны. У наваколлі здабыча фасфарытаў, азбесту, гіпсу.

т. 3, с. 150

БІ́КАНСФІЛД (Beaconsfield) Бенджамін, гл. Дызраэлі Бенджамін.

т. 3, с. 150

БІКВАДРА́ТНАЕ ЎРАЎНЕ́ННЕ (ад бі... + лац. quadratus квадратны),

ураўненне, што мае выгляд ax​4 + bx​2 + c = 0. Падстаноўкай x​2 = y зводзіцца да квадратнага ўраўнення.

т. 3, с. 150