Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ХАРО́Г,

горад (з 1932), цэнтр Горна-Бадахшанскай аўт. вобл., у Таджыкістане; каля сутокаў рэк Гунт і Пяндж, на выш. 2200 м. 20,3 тыс. ж. (1999). Злучаны аўтадарогамі з гарадамі Душанбе і Ош. Аэрапорт. Прам-сць: харч., у т. л. мясамалочная, швейная, вытв-сць буд. матэрыялаў. Памірскі біял. ін-т АН Таджыкістана (з бат. садам). Тэатр. Краязнаўчы музей.

т. 16, с. 551

ХАРО́МСК,

вёска ў Столінскім р-не Брэсцкай вобл., на левым беразе р. Гарынь, на аўтадарозе Столін—Давыд-Гарадок. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 25 км на ПнУ ад г. Столін, 270 км ад Брэста, 32 км ад чыг. ст. Гарынь. 811 ж., 327 двароў (2002). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Свята-Раства-Багародзіцкая царква. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі гарадзішча зарубінецкай культуры і перыяду Кіеўскай Русі.

т. 16, с. 551

ХАРО́Н,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі перавозчык душ памерлых у Аід. Лічыўся сынам Нікты і яе брата Эрэба. Яго ўяўлялі змрочным старым у рыззі. Паводле міфаў, Х. перавозіў душы памерлых (толькі тых, хто пахаваны ў магіле) у лодцы па рэках падземнага царства, за што браў з іх плату памерам у адзін абол, які звычайна пры пахаванні клалі нябожчыкам пад язык.

т. 16, с. 551

ХАРО́ШКА Рэгіна Пракопаўна (н. 7.5.1938, р.п. Асінторф Дубровенскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. фізікахімік. Канд. хім. н. (1976). Скончыла БДУ (1960). З 1960 у Ін-це арган. і неарган. хіміі, у 1981—91 у Ін-це фізіка-арган. хіміі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па фізікахіміі палімераў і штучных іанітных глебах на аснове іонна-абменных матэрыялаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1980.

Тв.:

Ионитные почвы. Мн., 1978 (разам з У.​С.​Салдатавым. Н.​Р.​Пёрышкінай).

т. 16, с. 551

«ХАРО́ШКІ», Беларускі дзяржаўны харэаграфічны ансамбль «Харошкі». Засл. калектыў Беларусі (1999). Створаны ў 1974 (да 1985 у складзе Бел. філармоніі). Маст. кіраўнік і гал. балетмайстар В.Гаявая (да 1975 з М.​Дудчанкам). Аб’ядноўвае танц. і інстр. групы, выканаўцаў нар. песень (вак. квартэт «Купалінка»; да 1987). Праграмы будуюцца ў выглядзе цэласнага тэатр. відовішча, у якім арганічна ўзаемазвязаны ўсе групы. Спалучае фалькл. нац. пачатак з сучаснай рытмікай і экспрэсіяй; для яго ўдзельнікаў характэрны пачуццё ансамбля, артыстызм. У рэпертуары бел. нар. танцы («Мітусь», «Вясковыя скокі», «Крутуха», «Цярэшка», «Гусарыкі», «Крыжачок», «Лявоніха», «Кросны», «Віцебскія закаблукі», «Гомельская кадрыля», «Таўкачыкі» і інш.), вак.-харэаграфічныя кампазіцыі («Добры вечар», «Вясельная», «Гуканне вясны»), варыяцыі на тэмы стараж. бел. абрадаў («Тураўская легенда»), сюіта «Субота»; разгорнутыя тэатр. праграмы «Па старонках Полацкага сшытка» (гіст. балет), «Бывай, 20-е стагоддзе!» (засн. на гар. фальклоры 20 ст.) і інш. У муз. суправаджэнні выкарыстоўваюцца бел. нар. інструменты: ліра, гудок, цымбалы, басэтля, жалейкі, у т. л. саломкі, чароткі і інш. Сярод салістаў ансамбля ў розныя часы Ф.Балабайка, В.Карэлікава, А.​Кашталапаў, А.​Гура-Гаявая. Пры «Х.» створана школа-студыя (з 1987; кіраўнік М.​Цітова). Лаўрэат Усесаюзнага агляду-конкурсу прафес. маст. калектываў (1-я прэмія, 1977). Прэмія Ленінскага камсамола 1982. Дзярж. прэмія Беларусі 1996. Пра ансамбль зняты тэлефільм-канцэрт «Харошкі» (1978).

Літ.:

Загородний Г. Хороши «Хорошки»! // Панорама, 1984. М., 1985.

Г.​М.​Загародні.

Беларускі дзяржаўны харэаграфічны ансамбль «Харошкі».

т. 16, с. 551

ХАРТА́Л (на мове хіндзі — зачыненне крам),

форма паліт. барацьбы ў Індыі, падобная да ўсеагульнай забастоўкі. Азначае спыненне ўсялякай дзелавой актыўнасці ў спалучэнні з мітынгамі і дэманстрацыямі. Як сродак барацьбы найб. часта выкарыстоўваўся ў час кампаній грамадз. непадпарадкавання (гл. Сат’яграха) супраць брыт. калан. панавання ў 1919—47.

т. 16, с. 551

Хартвел Леланд

т. 18, кн. 1, с. 466

ХА́РТЛАЙН (Hartline) Холдэн Кефер (22.12.1903, г. Блумсберг, ЗША — 17.3.1983),

амерыканскі вучоны ў галіне фізіялогіі і біяфізікі. Чл. Нац. АН ЗША. чл. Амер. акадэміі навук і мастацтваў. Замежны чл. Лонданскага каралеўскага т-ва. Скончыў ун-т Дж.​Хопкінса (г. Балтымар, 1927). З 1931 у Пенсільванскім ун-це (г. Філадэльфія), з 1949 ва ун-це Хопкінса, у 1954—74 у Ракфелераўскім ун-це (Нью-Йорк). Навук. працы па вывучэнні функцыян. арганізацыі адзіночных нейронаў сятчаткі пазваночных, першасных нейрафізіял. працэсаў зроку — біяэл. патэнцыялаў асобных нерв. клетак сятчаткі. Нобелеўская прэмія 1967 (з Р.Гранітам і Дж.Уолдам).

В.​Ф.​Ермакоў.

Х.К.Хартлайн.

т. 16, с. 551

ХАРТО́ЎСКІ ВЯЛІ́КІ КА́МЕНЬ,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1997). Размешчаны за 600 м на ПнУ ад в. Хартова Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. Валун буйназярністага ружавата-шэрага граніту рапаківі з уключэннем крышталёў палявога шпату. Даўж. 5,7 м, шыр. 4,9 м, выш. 2 м, у абводзе 15,4 м, аб’ём 60 м³, маса каля 150 т. Формай нагадвае «барановы лоб» — класічны прыклад ледавіковай апрацоўкі. Прынесены ледавіком каля 20—15 тыс. г. назад з ПдУ Фінляндыі.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 16, с. 552

ХАРТУ́М,

горад, сталіца Судана, пры зліцці рэк Белы Ніл і Блакітны Ніл. Адм. ц. правінцыі Хартум. 924 тыс. ж. (1993). Рачны порт. Вузел чыг. і шашэйных дарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: лёгкая, харч., гарбарна-абутковая, шкляная. Ун-т. Філіял Каірскага (Егіпет) ун-та. Сучасны суданскі т-р. Музеі: нац., этнагр., прыродна-гістарычны.

Засн. ў 7 ст. араб. племем махас у міжрэччы Белага і Блакітнага Ніла, на мысе, які па форме нагадвае хобат слана. адсюль назва (Х. па-арабску — хобат). Пасля заваявання Судана егіп. пашой Мухамедам Алі яго сталіца (з 1825). У 1885 узяты штурмам войскамі махдзістаў (гл. Махдзістаў паўстанне). У 1886 паводле загаду халіфа Абдалаха ібн аль-Саіда Мухамеда горад разбураны, а насельніцтва пераселена ў г. Амдурман, які стаў сталіцай першай нац. дзяржавы. У 1898 брыт. войскі разбурылі Амдурман, а адбудаваны Х. стаў адм. цэнтрам Англа-Егіпецкага Судана. Пасля 2-й сусв. вайны Х. — цэнтр нац.-вызв. барацьбы. З 1956 сталіца незалежнай Рэспублікі Судан, з 1969 — Дэмакр. Рэспублікі Судан.

т. 16, с. 552