ХАРТУ́М,

горад, сталіца Судана, пры зліцці рэк Белы Ніл і Блакітны Ніл. Адм. ц. правінцыі Хартум. 924 тыс. ж. (1993). Рачны порт. Вузел чыг. і шашэйных дарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: лёгкая, харч., гарбарна-абутковая, шкляная. Ун-т. Філіял Каірскага (Егіпет) ун-та. Сучасны суданскі т-р. Музеі: нац., этнагр., прыродна-гістарычны.

Засн. ў 7 ст. араб. племем махас у міжрэччы Белага і Блакітнага Ніла, на мысе, які па форме нагадвае хобат слана. адсюль назва (Х. па-арабску — хобат). Пасля заваявання Судана егіп. пашой Мухамедам Алі яго сталіца (з 1825). У 1885 узяты штурмам войскамі махдзістаў (гл. Махдзістаў паўстанне). У 1886 паводле загаду халіфа Абдалаха ібн аль-Саіда Мухамеда горад разбураны, а насельніцтва пераселена ў г. Амдурман, які стаў сталіцай першай нац. дзяржавы. У 1898 брыт. войскі разбурылі Амдурман, а адбудаваны Х. стаў адм. цэнтрам Англа-Егіпецкага Судана. Пасля 2-й сусв. вайны Х. — цэнтр нац.-вызв. барацьбы. З 1956 сталіца незалежнай Рэспублікі Судан, з 1969 — Дэмакр. Рэспублікі Судан.

т. 16, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)