«ХАРО́ШКІ», Беларускі дзяржаўны харэаграфічны ансамбль «Харошкі». Засл. калектыў Беларусі (1999). Створаны ў 1974 (да 1985 у складзе Бел. філармоніі). Маст. кіраўнік і гал. балетмайстар В.Гаявая (да 1975 з М.​Дудчанкам). Аб’ядноўвае танц. і інстр. групы, выканаўцаў нар. песень (вак. квартэт «Купалінка»; да 1987). Праграмы будуюцца ў выглядзе цэласнага тэатр. відовішча, у якім арганічна ўзаемазвязаны ўсе групы. Спалучае фалькл. нац. пачатак з сучаснай рытмікай і экспрэсіяй; для яго ўдзельнікаў характэрны пачуццё ансамбля, артыстызм. У рэпертуары бел. нар. танцы («Мітусь», «Вясковыя скокі», «Крутуха», «Цярэшка», «Гусарыкі», «Крыжачок», «Лявоніха», «Кросны», «Віцебскія закаблукі», «Гомельская кадрыля», «Таўкачыкі» і інш.), вак.-харэаграфічныя кампазіцыі («Добры вечар», «Вясельная», «Гуканне вясны»), варыяцыі на тэмы стараж. бел. абрадаў («Тураўская легенда»), сюіта «Субота»; разгорнутыя тэатр. праграмы «Па старонках Полацкага сшытка» (гіст. балет), «Бывай, 20-е стагоддзе!» (засн. на гар. фальклоры 20 ст.) і інш. У муз. суправаджэнні выкарыстоўваюцца бел. нар. інструменты: ліра, гудок, цымбалы, басэтля, жалейкі, у т. л. саломкі, чароткі і інш. Сярод салістаў ансамбля ў розныя часы Ф.Балабайка, В.Карэлікава, А.​Кашталапаў, А.​Гура-Гаявая. Пры «Х.» створана школа-студыя (з 1987; кіраўнік М.​Цітова). Лаўрэат Усесаюзнага агляду-конкурсу прафес. маст. калектываў (1-я прэмія, 1977). Прэмія Ленінскага камсамола 1982. Дзярж. прэмія Беларусі 1996. Пра ансамбль зняты тэлефільм-канцэрт «Харошкі» (1978).

Літ.:

Загородний Г. Хороши «Хорошки»! // Панорама, 1984. М., 1985.

Г.​М.​Загародні.

Беларускі дзяржаўны харэаграфічны ансамбль «Харошкі».

т. 16, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)