БІЯЛАГІ́ЧНАЯ АКТЫ́ЎНАСЦЬ ; максімальнае праяўленне арганізмам важнейшых біял. функцый у межах свайго дыяпазону ўстойлівасці да змен асн. лімітаваных экалагічных фактараў асяроддзя. Напр., пра біялагічную актыўнасць мікраарганізмаў глебы мяркуюць па інтэнсіўнасці «дыхання» глебы (спажыванне кіслароду і выдзяленне дыаксіду вугляроду), ступені вылучэння цеплавой энергіі арганізмамі глебы, ферментатыўнай актыўнасці і інш. паказчыках.
т. 3, с. 171
БІЯЛАГІ́ЧНАЯ АЧЫ́СТКА сцёкавых водаў, метад ачысткі быт. і прамысл. сцёкавых водаў, заснаваны на выкарыстанні здольнасці арганізмаў (пераважна бактэрый) разбураць (мінералізаваць) забруджвальнікі арган. паходжання. Ажыццяўляецца на ачышчальных збудаваннях самастойна ці ў комплексе з мех., фіз.-хім. і інш. метадамі. Аэробная (з удзелам кіслароду паветра) мінералізацыя адбываецца на палях фільтрацыі, палях арашэння, у біялагічных сажалках, каналах, біяфільтрах, аэратэнках. Анаэробная (без прысутнасці кіслароду) — у двух’ярусных адстойніках і метантэнках. Ступень ачысткі сцёкавых водаў пры выкарыстанні метадаў біялагічнай ачысткі дасягае 98% (арган. рэчываў у вадзе практычна няма, вада не гніе, колькасць шкодных мікраарганізмаў зніжаецца). Для разбурэння і дэтаксікацыі «незгнівальных» сінт. рэчываў выкарыстоўваюць спец. штамы мікраарганізмаў, якія атрымліваюць у выніку штучнага мутагенезу.
Літ.:
Очистка производственных сточных вод. 2 изд. М., 1985.
т. 3, с. 171
БІЯЛАГІ́ЧНАЯ ЗБРО́Я,
бактэрыяльная зброя, зброя масавага паражэння, дзеянне якой засн. на хваробатворных уласцівасцях мікраарганізмаў — узбуджальнікаў хвароб людзей, жывёл і раслін. Аснова паражальнага дзеяння біялагічнай зброі — бактэрыі, вірусы, грыбы і таксічныя прадукты іх жыццядзейнасці, якія выкарыстоўваюцца ў ваен. мэтах праз жывых заражаных пераносчыкаў захворванняў (насякомых, грызуноў і інш.) або ў выглядзе парашкоў. У якасці біялагічнай зброі могуць выкарыстоўвацца ўзбуджальнікі чумы, тулярэміі, бруцэлёзу, сібірскай язвы, сапу, халеры, сыпнога тыфу, натуральнай воспы, яшчуру, іржы пшаніцы, фітафторы бульбы і інш. Хваробныя мікробы і таксіны ў сумесі з вадкімі і сухімі рэчывамі могуць распырсквацца ці распыляцца з дапамогай спец. ракет, авіяц. бомбаў і кантэйнераў, артыл. снарадаў (мін) і інш. боепрыпасаў, а таксама дыверсантамі. Высокая эфектыўнасць біялагічнай зброі — у яе малой інфіцыравальнай дозе, магчымасці скрытага выкарыстання, цяжкасці індыкацыі, выбіральнасці дзеяння, моцным псіхал. уздзеянні, вял. аб’ёме і складанасці работ па ахове людзей і ліквідацыі наступстваў. Бяспека насельніцтва дасягаецца арганізацыяй калект. і індывід. засцярогі ад біялагічнай зброі (гл. Засцярога ад зброі масавага знішчэння).
Забарона выкарыстоўваць на вайне яды вядома са старажытнасці. Афіцыйна біялагічная зброя забаронена ў Дадатку да 4-й Гаагскай канвенцыі 1907 (Законы і звычаі вайны) і ў Жэнеўскім пратаколе 1925. У 1-ю сусв. вайну Германія першая зрабіла спробу выкарыстання біялагічнай зброі (заражэнне коней узбуджальнікам сапу). Перад 2-й сусв. вайной яна разам з Японіяй вяла падрыхтоўку да выкарыстання такой зброі. У пасляваен. перыяд стварэннем біялагічнай зброі займаліся пераважна краіны з таталітарнымі рэжымамі У 1972 ААН прыняла Канвенцыю аб забароне біялагічнай зброі (набыла сілу ў 1975).
т. 3, с. 171
БІЯЛАГІ́ЧНАЯ МЕЛІЯРА́ЦЫЯ,
комплекс мерапрыемстваў па паляпшэнні біялагічнай прадукцыйнасці і інш. карысных якасцяў прыроднага асяроддзя біял. метадамі. Можа мець самаст. значэнне, выкарыстоўваецца як адзін з этапаў аднаўлення парушаных зямель або ўваходзіць у агульнае кола меліярац. мерапрыемстваў па паляпшэнні прыроднага асяроддзя с.-г. і інш. Угоддзяў.
т. 3, с. 171
БІЯЛАГІ́ЧНАЯ НО́РМА,
адпаведнасць умоў асяроддзя жыццёвым патрабаванням віду. Найб. функцыянальным і аб’ектыўным крытэрыем біялагічнай нормы з’яўляецца існаванне віду: калі від існуе, ёсць і адпаведнасць яго ўмовам асяроддзя. Біялагічная норма — аснова гасп. нормы пры вырошчванні і доглядзе с.-г. раслін і жывёл.
т. 3, с. 171
БІЯЛАГІ́ЧНАЯ ПРАДУКЦЫ́ЙНАСЦЬ,
сукупнасць працэсаў стварэння, трансфармацыі, паглынання і праходжання энергіі праз эколага-біял. сістэмы розных узроўняў — ад асобных арганізмаў да біягеацэнозу. Характарызуе ўласцівасць асобных папуляцый або згуртавання (біяцэнозу) у цэлым аднаўляць сваю біямасу або ўтвараць арган. рэчывы ў форме тых ці інш. арганізмаў. У больш вузкім сэнсе біялагічная прадукцыйнасць — павелічэнне рэсурсаў эканамічна каштоўных арганізмаў (жывёл, раслін), іх масы, колькасці на адзінку плошчы за адзінку часу.
Мерай біялагічнай прадукцыйнасці з’яўляецца велічыня прадукцыі (біямасы), якая ствараецца за адзінку часу на адзінку прасторы. Асабліва важна ўстанаўленне біялагічнай прадукцыйнасці біяцэнозаў на ўсіх трафічных узроўнях, а таксама карыснай часткі прадукцыі. Матэрыяльна-энергет. аснову біялагічнай прадукцыйнасці складае першасная прадукцыя. Яна вызначаецца як скорасць, з якой прамянёвая (сонечная) энергія засвойваецца прадуцэнтамі (пераважна зялёнымі раслінамі) у працэсе фотасінтэзу або хемасінтэзу і назапашваецца ў форме арган. рэчываў, што потым могуць выкарыстоўвацца ў якасці ежы. Штогадовая першасная прадукцыя раслін складае 170·109 т сухой масы і мае каля 300—500·1021 Дж энергіі. Найб. частку гэтай колькасці (74·109 т) даюць лясы, асабліва трапічнай зоны. Прадукцыя жывёл (другасная) складае каля 3934·106 т штогод. Другасная біялагічная прадукцыйнасць знаходзіцца ў поўнай залежнасці ад першаснай. На павелічэнне біялагічнай прадукцыйнасці аграбія- і біягеацэнозаў арыентаваны меліярацыйныя, гасп., біятэхн. і прыродаахоўныя мерапрыемствы. Вывучэнне біялагічнай прадукцыйнасці прыродных сістэм — аснова рацыянальнага выкарыстання, аховы і забеспячэння аднаўлення біял. рэсурсаў Зямлі.
т. 3, с. 171
БІЯЛАГІ́ЧНАЯ РЭКУЛЬТЫВА́ЦЫЯ,
аднаўленне з дапамогай біял. сродкаў і метадаў урадлівасці зямель, гасп., рэкрэацыйных, эстэт. і інш. карысных уласцівасцяў зямельных тэрыторый, парушаных гасп. дзейнасцю чалавека. З’яўляецца этапам рэкультывацыі зямель, што адбываецца пасля завяршэння горнатэхнічнай рэкультывацыі і папярэднічае ўвядзенню іх у гасп. абарот. Уключае комплекс агратэхн. і фітамеліярацыйных мерапрыемстваў: сяўба траў, пасадка кустоў і дрэў з высокай азотфіксавальнай здольнасцю (напр., вольха чорная і шэрая, абляпіха, акацыя белая, лох вузкалісты і інш.), раслін-сідэратаў (лубін, баркун), задзярноўванне, залужэнне ці аблясенне спланаванай паверхні парушаных зямель, абагачэнне іх біягенамі і мікраарганізмамі за кошт спец. угнаенняў.
Я.В.Малашэвіч.
т. 3, с. 171
БІЯЛАГІ́ЧНА АКТЫ́ЎНЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,
прыродныя і сінт. рэчывы, пад уздзеяннем якіх працякаюць і рэгулююцца розныя працэсы ў жывых арганізмах (хім. рэгулятары біял. працэсаў). Разнастайныя па сваёй прыродзе, функцыях, характары дзеяння, месцы ўтварэння і інш. Сістэматычнае вывучэнне біялагічна актыўных рэчываў пачалося ў канцы 19 ст. Узнікла некалькі раздзелаў біялогіі і медыцыны, што займаюцца іх пошукам, вывучэннем механізмаў дзеяння і магчымасцяў практычнага выкарыстання. Да прыродных біялагічна актыўных рэчываў належаць гармоны, вітаміны, ферменты, біястымулятары, інш. хім. злучэнні, вылучаныя з прыродных крыніц з мэтай увядзення ў арганізм чалавека, жывёлы, расліны ці мікроба для рэгулявання ходу нармальных ці паталагічных працэсаў (лек. прэпараты, напр., антыбіётыкі, алкалоіды, некаторыя фенолы). Сярод штучных біялагічна актыўных рэчываў многія сінт. злучэнні, прэпараты якіх выкарыстоўваюцца ў жывёлагадоўлі, раслінаводстве, эксперым. біялогіі і медыцыне (штучныя рэгулятары росту, фунгіцыды, гербіцыды, мутагены і інш.). У шэрагу выпадкаў яны дзейнічаюць больш моцна і выбіральна, чым прыродныя.
А.М.Ведзянееў.
т. 3, с. 170