Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АМАЦЭ́НТ,

гл. ў арт. Пескарыйка.

т. 1, с. 308

АМАШУКЕ́ЛІ Элгуджа Давідавіч

(н. 22.8.1928, Тбілісі),

грузінскі скульптар-манументаліст. Нар. мастак Грузіі (1979). Вучыўся ў Тбіліскай АМ (1950—55). Аўтар алегарычнай статуі «Маці-Грузія» (дрэва, 1958; алюміній, 1963), помніка Вахтангу Гаргасалу (1967) у Тбілісі, манумента Перамогі ў Горы, мемарыяла Славы героям-маракам у Поці (абодва 1979). Дзярж. прэмія СССР 1982.

Э.Амашукелі. Помнік Вахтангу Гаргасалу. 1967.

т. 1, с. 308

АМБА́ЛА,

горад на Пн Індыі, штат Хар’яна. 121 тыс. ж. (1981). Трансп. вузел. Гандл. цэнтр. Бавоўнапрадзільная, мукамольная, шкляная прам-сць. Вытворчасць дакладных і хірург. інструментаў, оптыкі, навук. абсталявання.

т. 1, с. 308

АМБАРЦУМЯ́Н Віктар Амазаспавіч

(н. 18.9.1908, Тбілісі),

армянскі астраном і фізік; заснавальнік сав. тэарэт. астрафізікі. Акад. АН СССР (1953) і АН Арменіі (1943). Герой Сац. Працы (1968, 1978). Замежны чл. АН многіх краін. Скончыў Ленінградскі ун-т (1928). Стваральнік і дырэктар Бюраканскай астрафіз. абсерваторыі (1946). З 1947 прэзідэнт АН Арменіі. Навук. працы па фізіцы зорак і туманнасцяў, зорнай дынаміцы, пазагалактычнай астраноміі, касмагоніі, ядз. і тэарэт. фізіцы. Адкрыў і даследаваў зорныя сістэмы новага тыпу (т.зв. зорныя асацыяцыі). Дзярж. прэміі СССР 1946, 1950.

Тв.:

Проблемы современной космогонии. 2 изд. М., 1972 (у сааўт.).

В.А.Амбарцумян.

т. 1, с. 308

АМБІВАЛЕ́НТНАСЦЬ

(ад лац. ambo абодва + valentia сіла),

дваістасць успрымання і перажывання, калі адзін і той жа аб’ект выклікае ў чалавека процілеглыя пачуцці і ацэнкі (задавальненне і незадаволенасць, сцвярджэнне і адмаўленне). Тэрмін «амбівалентнасць» увёў у 1930 швейц. псіхіятр Э.Блейлер для вызначэння супярэчлівага псіх. стану. Рас. літ.-знавец М.Бахцін надаў яму значэнне эстэт. паняцця. Амбівалентнасць выявілася ў нар. і неафіц. культуры эпохі сярэднявечча і Адраджэння, у фальклоры, нар. мастацтве. Амбівалентныя вобразы, сюжэты і матывы характэрны для бел. і інш. архаічнай міфалогіі, сінкрэтычнай творчасці з нявыяўленай дыферэнцыяцыяй эстэт. катэгорый-апазіцый (прыгожага і агіднага, узнёслага і нізкага, трагічнага і камічнага). Амбівалентныя гратэск і сімволіка ёсць у творчасці Ф.Рабле, М.Сервантэса, М.Гогаля, Ф.Багушэвіча, Я.Купалы. У класічным мастацтве і бел. нац. фальклоры амбівалентнасць выкарыстоўваецца як дасціпны і шматзначны маст. сродак, спалучэнне прыкмет эпічнага героя і камічнага дублёра ў чарадзейных казках і легендах, нар. тэатры, прыказках і прымаўках, літ.-маст. травестацыях і пародыях (польска-бел. камедыі, інтэрмедыі 17—18 ст., ананімныя творы «Энеіда навыварат», «Тарас на Парнасе»). У сучасным мастацтве праяўляецца ў сатыр. жанрах (у творах А.Макаёнка, ананімнай паэме «Сказ пра Лысую гару»), цыркавой клаунадзе і інш.

У.М.Конан.

т. 1, с. 308

АМБІЛЕ́ЎЦЫ,

вёска ў Беларусі, у Лядскім с/с Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. Цэнтр калгаса. За 10 км на Пн ад Шчучына, 59 км ад Гродна, 19 км ад чыг. ст. Ражанка. 296 ж., 101 двор (1995). Б-ка, Дом культуры, аддз. сувязі.

т. 1, с. 308

АМБІСТО́МЫ

(Ambystoma),

род аднайменнага сямейства, атр. хвастатых земнаводных. 21 від, у Цэнтр. і Паўн. Амерыцы. Нагадваюць саламандраў.

Даўж. да 28 см. Жывуць у вільготных мясцінах, удзень хаваюцца ў норах грызуноў. Ікру адкладваюць у ваду, мармуровая амбістома (A. opacum) — на сушы. Плоднасць да 500 яец. Лічынкі з галінастымі вонкавымі шчэлепамі развіваюцца ў вадзе. Жывяцца беспазваночнымі. Лічынка тыгравай амбістомы — аксалотль.

Амбістома тыгравая.

т. 1, с. 308

АМБІ́ЦЫЯ

(лац. ambitio),

абвостранае самалюбства, празмернае пачуццё асабістай годнасці; славалюбства, ганарыстасць, фанабэрыя.

т. 1, с. 308

АМБЛІГАНІ́Т

(ад грэч. amblys тупы + gōnia вугал),

мінерал класа фасфатаў LiAl[PO4](FOH). Мае пераменную колькасць F і OH, іншы раз H2O; прымесі натрыю, ванадыю. Крышталізуецца ў трыкліннай сінганіі. Крышталі рэдкія, буйныя, дрэнна ўтвораныя; бясформенныя масы, жаўлакі, зерні. Колер белы, зеленаваты, блакітны, карычневы. Паўпразрысты. Цв. 6—6,5. Шчыльн. 3—3,1 г/см³. Пашыраны ў гранітных пегматытавых жылах, альбітызаваных гранітах: каштоўная літыевая руда.

Амбліганіт.

т. 1, с. 308

АМБО́Н

(ад грэч. ambōn узвышэнне),

казальніца, пульпіт, паўкруглае і высунутае на сярэдзіну храма ўзвышэнне перад царскімі варотамі, з якога чытаюць Евангелле, гавораць казанні. Сімвалізуе камень каля Труны Гасподняй, які адваліў ангел і з яго абвясціў міраносцам пра ўваскрэсенне Хрыста. Амбон рабілі з каменю, дрэва, металу, багата дэкарыравалі мармурам. У ранні перыяд хрысціянства ўстанаўлівалі перад алтаром каля балюстрады, што аддзяляла хоры ад нефа, і мелі форму трыбуны з парапетам; з сярэднявечча — каля левага міжнефавага ці цэнтр. слупа, у аднанефавых храмах — на сцяне. У эпоху Адраджэння амбон меў пераважна акруглую ці чатырохгранную форму.

Амбон у касцёле францысканцаў у Пінску. 18 ст.

т. 1, с. 309