БУДЗЁНАЎСКАЯ ПАРО́ДА верхавых коней. Выведзена ў 1921—48 на конных з-дах Растоўскай вобл. скрыжаваннем кабыл данской і часткова чарнаморскай парод з чыстакроўнымі верхавымі жарабцамі. У Расіі і Казахстане выкарыстоўваюць для верхавой язды, на лёгкіх трансп. і верхавых работах, для паляпшэння пагалоўя рабочых коней; на Беларусі — у конным спорце.
Коні буйныя, склад цела гарманічны, выш. ў карку 162—166 см, галава прапарцыянальная з прамым профілем, шыя доўгая прамая, спіна кароткая прамая, канечнасці сухія моцныя. Масць рыжая, часам бурая ці гнядая. Вызначаецца высокімі спарт. якасцямі: рэкордная рэзвасць у гладкіх скачках на 1600 м — 1 мін 43,4 с.
М.А.Гарбукоў.
т. 3, с. 313
БУДЗЁННЫ Сямён Міхайлавіч
(25.4.1883, хутар Казюрын Пралетарскага р-на Растоўскай вобл. — 26.10.1973),
савецкі ваенны і дзярж. дзеяч. Маршал Сав. Саюза (1935), тройчы Герой Сав. Саюза (1958, 1963, 1968). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1932). Удзельнік рус.-японскай і 1-й сусв. войнаў (быў узнагароджаны 4 Георгіеўскімі крыжамі). Летам 1917 разам з Каўказскай кав. дывізіяй прыбыў у Мінск, выбраны старшынёй палкавога і чл. дывізіённага к-таў. Пад кіраўніцтвам Будзённага 1-я брыгада Каўказскай дывізіі разам з рэўкомам аршанскіх чыгуначнікаў раззброіла 5 эшалонаў карнілаўскай «дзікай» дывізіі, якая праз Оршу накіроўвалася на барацьбу з рэв. Петраградам. У час. грамадз. вайны сфарміраваў у 1918 конны атрад, які перарос у дывізію. З 1919 камандзір у Чырв. Арміі коннага корпуса і створанай на яго базе Першай Коннай арміі. У Вял. Айч. вайну камандуючы групай армій рэзерву Галоўнакамандавання, галоўнакамандуючы войскамі Паўд.-Зах. і Паўн.-Каўказскага напрамкаў, камандуючы Зах. рэзервовым і Паўн.-Каўказскім франтамі, кавалерыяй Узбр. Сіл СССР. Канд. у чл. ЦК КПСС у 1934—39 і з 1952. Чл. ЦК КПСС у 1939—52. Чл. ВЦВК, ЦВК СССР. Дэп. Вярх. Савета СССР з 1937. Чл. Прэзідыума Вярх. Савета СССР з 1938. Адзін з арганізатараў масавых рэпрэсій 1930 — пач. 1950-х г. сярод ваенных.
т. 3, с. 313
БУ́ДЗІ
(Budi) П’етэр (1566—1622),
дзеяч албанскага вызв. руху, епіскап (з 1621) Сапы і Сарданіі (Паўн. Албанія). Дамагаўся «албанізацыі» каталіцкай царквы замяшчэннем царк. пасад мясцовымі ўраджэнцамі. Імкнуўся да вызвалення Албаніі ад тур. прыгнёту і разлічваў на дапамогу папы рымскага і еўрап. дзяржаў, распрацаваў план агульнаалб. паўстання супраць Асманскай імперыі, які не быў падтрыманы Ватыканам. Перакладаў духоўную л-ру на алб. мову. Аўтар рэліг. твораў «Дактрына і катэхізіс» (1618), у якім змясціў 10 сваіх вершаў.
т. 3, с. 313
БУДЗІВІ́Д,
князь ВКЛ 2-й пал. 13 ст., брат Будзікіда.
т. 3, с. 313
БУДЗІКІ́Д,
князь ВКЛ у 13 ст. Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1289, калі ён са сваім братам Будзівідам аддаў г. Ваўкавыск валынскаму кн. Мсціславу Данілавічу, каб захаваць з ім мір. У некаторых ням. хроніках Будзікід выступае пад імем Путувера і Лютувера. Апошні ўпамінаецца ў хроніцы П.Дусбурга пад 1291 як князь літоўскі, бацька Віценя. Магчыма, Будзікід пасля смерці кн. Трайдзеня разам з братам стаў вял. князем. Перадача Ваўкавыска магла азначаць паступовую страту Новагародскай зямлёй сваёй дамінуючай ролі ў ВКЛ.
М.І.Ермаловіч.
т. 3, с. 313
БУДЗІ́ЛА Іосіф, ваенны дзеяч Рэчы Паспалітай, пісьменнік-мемуарыст 17 ст. Быў мазырскім харунжым, каралеўскім палкоўнікам і інш. З 1607 знаходзіўся ў лагеры Лжэдзмітрыя II. У 1611—12 удзельнічаў у баявых аперацыях па захопе і ўтрыманні Масквы (адзін з гал. военачальнікаў польск.-літ. гарнізона ў горадзе). Пасля здачы Масквы рус. ваяводу Дз.Пажарскаму сасланы ў Ніжні Ноўгарад, зняволены ў турму (1612—19). Яго дзённік «Гісторыя Дзмітрыя фальшывага» — важная дакумент. крыніца для вывучэння т.зв. смутнага часу. Як літ. помнік вылучаецца вобразнасцю мовы, дынамізмам у апісанні гіст. падзей, яркімі аўтарскімі ацэнкамі, багаццем інфарм. матэрыялу.
Тв.:
Дневник событий, относящийся к Смутному времени (1603—1613 гг.), известный под именем истории ложного Димитрия // Русская историческая библиотека. Т. 1. Памятники, относящиеся к Смутному времени. Т. 1. СПб., 1872.
Літ.:
История белорусской дооктябрьской литературы. Мн., 1977. С. 211—212.
В.І.Дарашкевіч, А.Ф.Коршунаў.
т. 3, с. 313
БУДЗІ́ЛАВА,
вёска ў Беларусі, у Соржыцкім с/с Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл. Цэнтр саўгаса. За 20 км на ПнУ ад Бешанковіч, 37 км ад Віцебска. 350 ж., 121 двор (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. Сувязі.
т. 3, с. 314
БУДЗІЛО́ВІЧ Аляксандр Фауставіч
(26.2.1829, в. Жэрчыцы Бельскага пав. Беластоцкай вобл. — пасля 1870),
удзельнік рэв. руху 1860-х г. Скончыў Полацкую духоўную семінарыю (1853), але ад кар’еры святара адмовіўся. З 1854 на вайск. службе, у 1859 атрымаў афіцэрскі чын. На пач. 1860-х г. актыўны дзеяч падп. Камітэта рускіх афіцэраў у Польшчы. У пач. 1863 арыштаваны ў сувязі са знойдзенай у яго нелегальнай л-рай і з вер. 1863 у адстаўцы ў чыне падпаручніка. За правоз зброі ў лют. 1864 арыштаваны ў Дынабургу (цяпер Даўгаўпілс) і высланы ў Пермскую губ. Па амністыі 1867 вызвалены, пасяліўся ў Польшчы.
т. 3, с. 314
БУДЗІЛО́ВІЧ Антон Сямёнавіч
(24.5.1846, в. Коматава Гродзенскага р-на — 25.12.1908),
гісторык, філолаг і публіцыст. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1882). З сям’і уніяцкага святара. Вучыўся ў Віленскай гімназіі, Літоўскай духоўнай семінарыі, скончыў Пецярбургскі ун-т (1867). З 1875 праф. Нежынскага гіст.-філал. ін-та, з 1892 рэктар Тартускага ун-та, з 1901 чл. савета мін-ва нар. асветы. З 1907 рэдактар «Московских ведомостей». Выступаў за аб’яднанне славян пад эгідай Расіі, за ўмацаванне асноў самадзяржаўя і праваслаўя. Даследаваў стараж. слав. пісьменства, гісторыю, л-ру і мовы слав. народаў. Аўтар гіст. прац «Чэхія і Маравія» (1871, разам з А.П.Нарановічам), «Нарысы з сербскай гісторыі» (1877). Гісторыю правасл. царквы на Беларусі разглядаў у даследаваннях «Гістарычная нататка пра царкоўна-маёмасныя запісы ў Заходняй Расіі» (1871), «Парадак утварэння нерухомай уласнасці царкоўнай у Заходняй Расіі» (1882).
т. 3, с. 314
БУДЗІЛО́ВІЧ Ігнат Мартынавіч
(1841, Валынская губ. — 9.9.1863),
удзельнік паўстання 1863 на Беларусі. Скончыў Кіеўскі кадэцкі корпус (1859). Служыў падпаручнікам Екацярынаслаўскага палка (Масква). Належаў да рэв. арг-цыі, падтрымліваў цесныя сувязі з паплечнікам К.Каліноўскага Л.Звяждоўскім. У крас. 1863 уцёк з часці і разам са Звяждоўскім выехаў на Магілёўшчыну. Пад псеўданімамі Каткоў і Ян Піховіч арганізаваў і ўзначаліў паўстанцкі атрад у Аршанскім пав. 26.4.1863 атрад разбіты пад Пагосцішчамі. Будзіловіч схоплены на полі бою і паводле прыгавору ваен. суда расстраляны ў Оршы.
Г.В.Кісялёў.
т. 3, с. 314