Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АМІ́ЧНАЕ СУПРАЦІЎЛЕ́ННЕ,

фізічная велічыня, якая характарызуе супраціўленне ланцуга (яго ўчастка) пастаяннаму току; былая назва гранічнага значэння актыўнага супраціўлення (гл. Электрычнае супраціўленне). Абумоўлена неабарачальным пераўтварэннем эл. энергіі ў інш. формы (пераважна ў цеплавую); пацвярджае выкананне Ома закону для дадзенага ўчастка ланцуга.

т. 1, с. 319

АМІ́ЧЫ

(Amici) Джавані Батыста (25.3.1786, г. Мадэна, Італія — 10.4.1863),

італьянскі батанік і оптык. Скончыў Балонскі ун-т (1808). Праф. матэматыкі Мадэнскага (1818—25), астраноміі Пізанскага (1831—35) ун-таў, дырэктар абсерваторыі ў Фларэнцыі (з 1835). Упершыню апісаў рух пратаплазмы ў расліннай клетцы і пылковую трубку (1823), адкрыў у зародкавым мяшку «зародкавы пузырок» (яйцаклетку) і назіраў за пераўтварэннем яйцаклеткі ў зародак (1843). Вынайшаў імерсійны аб’ектыў мікраскопа (1827).

т. 1, с. 319

А́МІЯ,

глейная рыба (Amia calva), рыба атрада аміяпадобных. Адзіны сучасны рэліктавы прадстаўнік атрада Amiiformes. Жыве ў неглыбокіх стаячых забалочаных вадаёмах Паўн. Амерыкі на Пд ад Вялікіх азёр.

Даўж. да 90 см. Цела акруглае, рыла кароткае. Восевы шкілет акасцянелы, на галаве скурныя косці (адзнака прымітыўных рыб). Луска цыклоідная; спінны плаўнік доўгі, хваставы — сіметрычны, круглаваты. Можа дыхаць атм. паветрам. Драпежнік.

т. 1, с. 319

АМІЯ́К,

NH3, найпрасцейшае хім. злучэнне азоту з вадародам. Бясколерны газ з рэзкім удушлівым пахам, tкіп -36 °C, шчыльн. у вадкім стане 0,681·10​3 кг/м³, растваральны ў вадзе (10%-ны раствор — нашатырны спірт). Растварае шчолачныя і шчолачна-зямельныя металы, некаторыя неметалы (P, S, І), многія арган. і неарган. рэчывы. Атрымліваюць каталітычным узаемадзеяннем N2 і H2 пад ціскам. Выкарыстоўваецца для вытв-сці азотнай кіслаты, мачавіны, азотазмяшчальных соляў, соды, угнаенняў, а таксама ў медыцыне. Вадкі аміяк і яго растворы — холадарэагенты. Ядавіты, выклікае слёзацячэнне, удушша, болі ў страўніку. ГДК 20 мг/м³.

т. 1, с. 319

АМІЯКА́ТЫ,

1) прадукты далучэння аміяку да соляў; комплексныя злучэнні. Аміяк у аміякатах звязаны каардынацыйна з іонам металу і ўваходзіць ва ўнутр. сферу комплексу, напр. [Pt(NH3)6]Cl4, [Cu(NH3)4]Cl2. Утвараюць большасць металаў. Устойлівасць аміякатаў у водных растворах вызначаецца канстантамі нястойкасці. Атрымліваюць дзеяннем аміяку на водныя растворы соляў. Многія аміякаты афарбаваныя і выкарыстоўваюцца ў аналіт. хіміі для раздзялення металаў.

2) Вадкія азотныя ўгнаенні з колькасцю азоту да 45%.

т. 1, с. 319

АМІЯ́Н МАРЦЭЛІ́Н

(Ammianus Marcellinus; каля 330 — каля 400),

рымскі гісторык. Па паходжанні грэк. У 363 удзельнічаў у ваен. паходзе імператара Юліяна Адступніка ў Персію. Асноўны гіст. твор «Дзеянні» (задуманы як працяг «Аналаў» і «Гісторый» Тацыта), ахоплівае перыяд ад праўлення імператара Нервы [96—98] да 378. З 31 кнігі захаваліся 18 (14—31-я). У іх апісаны падзеі 353—378: войны, барацьба за ўладу, перыяд заняпаду Рым. імперыі, сац. рух 4 ст., барацьба еўрапейскіх плямёнаў з Рымам. Акрамя пісьмовых крыніц выкарыстаў асабістыя назіранні і паведамленні сведак.

Тв.:

Рус. пер. — История. Вып. 1—3. Киев, 1906—08.

т. 1, с. 319

АМІЯ́ЧНАЯ ВАДА́,

раствор аміяку (18—25%) у вадзе. Празрыстая, з жаўтаватым адценнем вадкасць з рэзкім пахам. Шчыльн. 18—25%-нага раствору (0,930—0,910)·10 кг/м³. Атрымліваюць растварэннем сінт. аміяку ў вадзе ці паглынаннем яго вадой з адыходных газаў коксахім. вытв-сці. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці фарбавальнікаў, соды, марганцу, ферасплаваў, як азотнае ўгнаенне і для аманізацыі кармоў у сельскай гаспадарцы.

т. 1, с. 320

АМІЯ́ЧНАЯ САЛЕ́ТРА,

гл. ў арт. Салетры.

т. 1, с. 320