АМАРЫ́М
(Amorim) Энрыке (25.7.1900, г. Сальта, Уругвай — 28.7.1960),
уругвайскі пісьменнік. Літ. дзейнасць пачаў у 1920 (зб. вершаў «Дваццаць год»). Большасць твораў пра жыццё сялянства (трылогія «Арба», 1933, «Пасяленец Агіляр», 1934, «Конь і яго цень», 1941). Вострыя сац. канфлікты ўзняты ў раманах «Дзевяць месяцаў над Неўкенам» (1946), «Перамога не прыходзіць сама» (1952); у рамане «Вусце» (1958) спроба прасачыць усю гісторыю Уругвая. Аўтар паэт. зб. «Мая радзіма» (1960).
Тв.:
Рус. пер. — Хозяин Агиляр;
Тень Скакуна. М., 1987.
т. 1, с. 307
АМАРЫ́ТЫ,
амарэі, амуру, галіна семіцкіх народаў, якія ў старажытнасці насялялі Сірыйскі стэп ад Палесціны да Персідскага зал. У канцы 3-га тыс. да н.э. разбурылі шумерскую цывілізацыю Ура і каля 1894 да н.э. заснавалі Старававілонскую дзяржаву. Асеўшы ў Месапатаміі, у 18—17 ст. да н.э. асіміляваліся з мясц. насельніцтвам, у Сірыі і Палесціне ў 15—10 ст. да н.э. зліліся з ханаанеямі. У 1-м тыс. да н.э. Сірыя наз. Амуру.
т. 1, с. 307
АМА́Р I,
Амар ібн аль-Хатаб (каля 591 ці 581, Мекка — 3 ці 4.11.644), другі халіф (з 634) у Арабскім халіфаце, адзін з бліжэйшых паплечнікаў Мухамеда. Пры Амары І араб. войскі атрымалі перамогі над візантыйцамі і Сасанідамі, заваявалі значныя тэр. ў Азіі і Афрыцы (гл. Арабскія заваяванні). Увёў мусульманскае летазлічэнне паводле хіджры. Забіты рабом-персам.
т. 1, с. 306
АМА́ТАР
(лац. amator),
1) ахвотнік да чаго-н. 2) Той, хто займаецца чым-н. не як прафесіянал; любіцель.
т. 1, с. 307
АМА́ТАРСКАЕ КІНО́,
кінааматарства, від самадзейнага мастацтва. Узнікла з часу вынаходніцтва кінематографа (1895). У Зах. Еўропе і ЗША пашырана з пач. 1930-х г., у б. СССР — з 1925, больш актыўна развівалася пасля 1957, калі пры Саюзе кінематаграфістаў краіны была створана Усесаюзная камісія па працы з кінааматарамі. Праводзіліся фестывалі, конкурсы аматарскага кіно.
На Беларусі аматарскае кіно развіваецца з канца 1950-х г., створаны шматлікія самадз. студыі. З 1960 штогод праводзіліся абл. і рэсп. Конкурсы-агляды аматарскага кіно. Бел. аматары ўдзельнічалі ва ўсесаюзных і міжнар. фестывалях, іх фільмы неаднаразова адзначаліся ўзнагародамі. Росту маст. ўзроўню аматарскага кіно спрыяла секцыя па рабоце з кінааматарамі пры Саюзе кінематаграфістаў Беларусі. Асобныя кінааматары сталі прафесійнымі кінарэжысёрамі. Істотныя змены ў кінааматарскі рух унесла развіццё відэазапісу.
т. 1, с. 307
А́МАТЭРАСУ,
Аматэрасу-о-мікамі, Аматэрасу-но мікота, у японскай міфалогіі і рэлігіі сінта вярх. багіня, увасабленне Сонца. Паводле міфаў, Аматэрасу паслала на зямлю свайго сына Нінігі, нашчадак якога Дзіму даў пачатак імператарскаму роду Японіі.
т. 1, с. 307
АМАФО́НЫ
[ад гама... + ...фон(ы)],
словы, аднолькавыя паводле гучання, але розныя па напісанні і значэнні. Параўн.: «грыб — грып», «род — рот», «везці — весці», «код — кот». Амафанія — звычайна вынік супадзення ў гучанні асобных формаў слова.
т. 1, с. 308
АМАФО́РМЫ
(ад гама... + лац. forma форма, вонкавы выгляд, абрыс),
словы, якія ў асобных граматычных формах супадаюць гучаннем і напісаннем, але не супадаюць значэннем. Амаформы могуць быць словамі той самай або розных часцін мовы, напр., «горы» (назоўны склон мн. л. назоўніка «гара») і «горы» (месны склон адз. л. назоўніка «гора»), «кліч» (назоўнік) і «кліч» (дзеяслоў загаднага ладу), «вусны» (назоўнік) і «вусны» (прыметнік) і інш.
т. 1, с. 308
АМАФО́С,
канцэнтраванае фосфарнаазотнае мінеральнае ўгнаенне. Атрымліваецца нейтралізацыяй фосфарнай к-ты аміякам. Мае (у %) 9—12 азоту, 35,5—50 засваяльнага пентаксіду фосфару. Высокаэфектыўнае для ўсіх с.-г. культур на любых глебах. Кампанент тукаў.
т. 1, с. 308
АМА́ЦІ
(Amati),
італьянскія майстры смычковых інструментаў. Працавалі ў Крэмоне. Андрэа (каля 1520 — каля 1580) — заснавальнік крэмонскай школы. Упершыню вызначыў падбор дрэва і стварыў класічны тып скрыпкі з яркім серабрыстым, але не моцным гучаннем. Яго сыны — Антоніо (1540 — пасля 1600) і Джыралама (1561—1680) часта працавалі разам. Іх інструменты больш вытанчанай формы. Найб. вядомы Нікала Амаці (3.12.1596 — 12.4.1684), сын і вучань Джыралама. Стварыў новую мадэль скрыпкі «Гранд Амаці» з дасканалымі формамі, прыгожым моцным гукам. Сярод яго вучняў — А.Гварнеры, А.Страдывары.
т. 1, с. 308