Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АСФА́ЛЬТ

(ад грэч. asphaltos горная смала),

будаўнічы су́вязны матэрыял. Прыродны асфальт утвараецца пры акісленні нафты пасля выпарэння лёгкіх фракцый. Пашыраны ў раёнах неглыбокага залягання і выхаду на паверхню нафтаноснай пароды. Штучны асфальт — сумесь бітумаў (13—60%) з тонказдробненым вапняком, пясчанікам і інш., адрозніваецца ад прыроднага наяўнасцю парафіну і нафтавага масла. Асфальт выкарыстоўваюць як дахавы гідраізаляцыйны матэрыял, у вытв-сці асфальтабетону, замазак, клею.

т. 2, с. 62

АСФАЛЬТАБЕТО́Н,

асфальтавы бетон, будаўнічы матэрыял, які атрымліваюць ушчыльненнем спецыяльна прыгатаванай у нагрэтым стане сумесі друзу, пяску, мінер. парашку і бітуму. Для надання асфальтабетону аднароднасці і паляпшэння яго якасці ў сумесь дабаўляюць таксама паверхнева-актыўныя рэчывы.

Адрозніваюць асфальтабетон гарачы — мае ў сабе вязкі бітум і ўкладваецца пры т-ры не ніжэй за 120 °C; цёплы — малавязкі, з т-рай укладкі 40—85 °C, халодны — з вадкім бітумам, які ўкладваецца пры т-ры навакольнага асяроддзя, але не ніжэй за 10 °C. Асфальтабетон бывае буйна-, дробназярністы і пясчаны (памеры зерня 40, 20 і 5 мм адпаведна). Выкарыстоўваецца для буд-ва пакрыццяў і асновы аўтамабільных дарог, аэрадромаў, гарадскіх вуліц і плошчаў.

т. 2, с. 62

АСФАЛЬТАБЕТОНАЎКЛА́ДЧЫК,

машына для ўкладкі асфальтабетону і інш. бітумна-мінеральных сумесяў на аснову пры буд-ве і рамонце дарожных і аэрадромных пакрыццяў. Бываюць асфальтаўкладчыкі гусенічныя, калёсныя, камбінаваныя; цяжкія (прадукцыйнасць да 100 т/гадз) і лёгкія (25—50 т/гадз). Сумесь з бункера асфальтаўкладчыка падаецца да шнэкаў, якія размяркоўваюць яе па шырыні паласы ўкладкі. Разраўноўванне і прафіляванне пакрыцця робяцца з папярэднім яго ўшчыльненнем. Сучасныя асфальтаўкладчыкі аснашчаюцца аўтам. сістэмамі кіравання. Буйнейшыя вытворцы асфальтаўкладчыкаў у ЗША, Германіі, Расіі.

т. 2, с. 62

АСФАЛЬТАВА́ННЕ,

размеркаванне на цвёрдай трывалай аснове асфальту і асфальтабетону. Асн. сферы прымянення — буд-ва дарог, аэрадромаў, гідраізаляцыйныя работы і інш. Робіцца асфальтабетонаўкладчыкам у 1—2 (3—4) слоі таўшчынёй ад 3—4 да 7—9 см. Асфальтабетонная сумесь утрамбоўваецца лёгкімі, потым цяжкімі каткамі. На Беларусі асфальтаванне вуліц пачалося ў 2-й пал. 19 ст. літым асфальтабетонам. На пач. 1995 працягласць заасфальтаваных дарог складала 77 тыс. км.

т. 2, с. 62

АСФА́ЛЬТАВЫЯ ПАРО́ДЫ,

прыродныя ўтварэнні, пераважна пясчанікі, вапнякі, даламіты, якія маюць у порах, трэшчынах, кавернах асфальт. Утвараюцца ў выніку выветрывання нафты адначасовым абагачэннем астатку смоламі і асфальтэнамі. Колькасць асфальту вагаецца ад некалькіх да 20%. Пашыраны на многіх нафтагазаносных тэрыторыях.

т. 2, с. 62

АСФІ́КСІЯ

(грэч. asphyxia літар. адсутнасць пульсу),

паталагічны стан, што ўзнікае ў арганізме ад рэзкага недахопу кіслароду і лішку вуглекіслаты. Асфіксія механічная ўзнікае ад спынення доступу паветра ў лёгкія, асфіксія таксічная — ад дзеяння розных хім. рэчываў. Пры асфіксіі ўзнікаюць задышка і галавакружэнне, пачашчаецца пульс, павышаецца крывяны ціск, зацямняецца свядомасць, трацяцца адчувальнасць і рэфлексы, спыняюцца дыханне і сардэчная дзейнасць. Неадкладныя меры: штучнае дыханне, лякарствы, якія ўзбуджаюць дыхальны і сасудзісты цэнтры.

т. 2, с. 63

АСЦЁР,

рака ў Расіі (Смаленская вобл.) і Беларусі, у Клімавіцкім і Крычаўскім р-нах Магілёўскай вобл., левы прыток р. Сож (бас. Дняпра). Даўж. 274 км, у межах Беларусі каля 50 км. Пл. вадазбору 3,37 тыс. км². Пачынаецца на схілах Смаленскага ўзвышша, у Рослаўскім раёне Смаленскай вобласці. Вусце за 2 км на У ад в. Бель 1-я Крычаўскага р-на. Асн. прытокі: Вострык, Стомець, Немка (справа); В.Наўля, Шумячка, Сасноўка (злева).

Даліна ў вярхоўі невыразная, ніжэй трапецападобная, шыр. 1,5—2 км. Схілы спадзістыя, радзей умерана стромкія, выш. 10—25 м. Пойма двухбаковая, шыр. 0,2—0,3 км, у ніжнім цячэнні 0,3—0,5 км, у разводдзе затапляецца ў сярэднім і ніжнім цячэнні. Рэчышча звілістае, шыр. ракі ў межань на Беларусі 20—30 м. Берагі стромкія, месцамі абрывістыя. Вызначаецца інтэнсіўным разводдзем, на якое прыпадае 59% гадавога сцёку. Замярзае ў 1-й пал. снежня, крыгалом у канцы сак.пач. красавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 21,6 м³/с.

т. 2, с. 63

АСЦЫ́ДЫІ

(Ascidiae),

клас марскіх хордавых жывёл, тыпу абалоннікаў. Пашыраны ва ўсіх морах. Некалькі атрадаў, каля 2 тыс. відаў.

Даўж. ад 0,1 мм да 50 см. Цела мяшэчкападобнае, пакрытае моцнай тунікай, ніжнім канцом прымацаванае да субстрату. На верхнім канцы знаходзяцца ротавы і клаакальны сіфоны. Унутраны шкілет адсутнічае. Гермафрадыты. Размнажэнне палавое і бясполае. Кормяцца дробнымі арганізмамі і дэтрытам. Есць асцыдыі простыя, або адзіночныя (монасцыдыі), і складаныя, або каланіяльныя (сінасцыдыі). Лічынкі вольнаплаваючыя, маюць хорду.

т. 2, с. 63

АСЦЫЛО́ГРАФ

(ад лац. oscillum ваганне + ...граф),

вымяральная прылада для графічнага назірання і запісу функцыянальных сувязяў паміж эл. велічынямі, што характарызуюць які-н. фізічны працэс. З дапамогай асцылографа вызначаюць змены сілы току і напружання ў часе, вымяраюць частату, зрух фазаў, характарыстыкі электравакуумных і паўправадніковых прылад, а з дапамогай спец. датчыкаў (напр., тэрмапары) неэл. велічыні: т-ру, ціск, паскарэнне і інш. Асцылографы бываюць нізка- (да 1 МГц) і высокачастотныя (да 100 МГц і вышэй), адна- і многапрамянёвыя, імпульсныя, запамінальныя, спец. тэлевізійныя і інш.

Святлопрамянёвы асцылограф складаецца з люстранага гальванометра (шлейфа), святлоаптычнай сістэмы і прыстасаванняў для працягвання святлоадчувальнага носьбіта запісу (напр., фотапаперы) і непасрэднага назірання, вызначальніка часу. Бывае з фатаграфічным, электраграфічным, ультрафіялетавым і камбінаваным запісам адхілення светлавога праменя, адбітага ад шлейфа, скорасць працягвання носьбіта запісу да 5000 мм/с. Можна адначасова даследаваць да 64 розных працэсаў, напрыклад пры вывучэнні вібрацый і дэфармацый у самалётах, турбінах. Электроннапрамянёвы асцылограф прызначаны для непасрэднага назірання і фатаграфавання эл. працэсаў на экране электроннапрамянёвай трубкі (ЭПТ). Сігнал падаецца на вертыкальна адхіляльныя пласціны (шпулі) ЭПТ, напружанне разгорткі пры назіранні часавай залежнасці — на гарызантальна адхіляльныя.

Літ.:

Аршвила С.В., Борисевич Е.С., Жилевич И.И. Электрографические светолучевые осциллографы. М., 1978;

Линт Г.Э. Автоматические осциллографы при измерениях. М., 1972.

П.С.Габец.

т. 2, с. 63

АСЦЫЛЯ́ТАР (ад лац. oscillare вагацца) гарманічны, сістэма, што выконвае механічныя (матэм. маятнік), электрамагнітныя (вагальны контур) або інш. ваганні, пры якіх патэнцыяльная энергія прапарцыянальная квадрату адхілення ад стану раўнавагі. Па ліку ступеняў свабоды адрозніваюць лінейныя, 2-, 3-мерныя і інш. Класічны асцылятар — часціца масай m, што вагаецца каля стану ўстойлівай раўнавагі, дзе яе патэнцыяльная энергія u мае мінімум. Пры гэтым пераменная сіла, што дзейнічае на часціцу, F = u x = kx , дзе k — пастаянная, x — зрушэнне ад стану раўнавагі. Пры малых зрушэннях x рух часціцы апісваецца лінейным ураўненнем гарманічнага вагання, калі зрушэнні x не малыя — нелінейным ураўненнем і асцылятар наз. ангарманічны. Квантавы асцылятар апісваецца Шродынгера ўраўненнем, у якім патэнцыяльная энергія E = kx2 2 . Адрозненні квантавага асцылятара ад класічнага: дыскрэтны набор значэнняў энергіі і найменшая магчымая энергія не роўная нулю (гл. Нулявая энергія). Паняцце асцылятара шырока выкарыстоўваюць у тэарэт. фізіцы, у тым ліку для апісання працэсаў эл.-магн. выпрамянення.

т. 2, с. 63