АСЦЁР,

рака ў Расіі (Смаленская вобл.) і Беларусі, у Клімавіцкім і Крычаўскім р-нах Магілёўскай вобл., левы прыток р. Сож (бас. Дняпра). Даўж. 274 км, у межах Беларусі каля 50 км. Пл. вадазбору 3,37 тыс. км². Пачынаецца на схілах Смаленскага ўзвышша, у Рослаўскім раёне Смаленскай вобласці. Вусце за 2 км на У ад в. Бель 1-я Крычаўскага р-на. Асн. прытокі: Вострык, Стомець, Немка (справа); В.Наўля, Шумячка, Сасноўка (злева).

Даліна ў вярхоўі невыразная, ніжэй трапецападобная, шыр. 1,5—2 км. Схілы спадзістыя, радзей умерана стромкія, выш. 10—25 м. Пойма двухбаковая, шыр. 0,2—0,3 км, у ніжнім цячэнні 0,3—0,5 км, у разводдзе затапляецца ў сярэднім і ніжнім цячэнні. Рэчышча звілістае, шыр. ракі ў межань на Беларусі 20—30 м. Берагі стромкія, месцамі абрывістыя. Вызначаецца інтэнсіўным разводдзем, на якое прыпадае 59% гадавога сцёку. Замярзае ў 1-й пал. снежня, крыгалом у канцы сак.пач. красавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 21,6 м³/с.

т. 2, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)