АСЦЫЛО́ГРАФ
(ад лац. oscillum ваганне + ...граф),
вымяральная прылада для графічнага назірання і запісу функцыянальных сувязяў паміж эл. велічынямі, што характарызуюць які-н. фізічны працэс. З дапамогай асцылографа вызначаюць змены сілы току і напружання ў часе, вымяраюць частату, зрух фазаў, характарыстыкі электравакуумных і паўправадніковых прылад, а з дапамогай спец. датчыкаў (напр., тэрмапары) неэл. велічыні: т-ру, ціск, паскарэнне і інш. Асцылографы бываюць нізка- (да 1 МГц) і высокачастотныя (да 100 МГц і вышэй), адна- і многапрамянёвыя, імпульсныя, запамінальныя, спец. тэлевізійныя і інш.
Святлопрамянёвы асцылограф складаецца з люстранага гальванометра (шлейфа), святлоаптычнай сістэмы і прыстасаванняў для працягвання святлоадчувальнага носьбіта запісу (напр., фотапаперы) і непасрэднага назірання, вызначальніка часу. Бывае з фатаграфічным, электраграфічным, ультрафіялетавым і камбінаваным запісам адхілення светлавога праменя, адбітага ад шлейфа, скорасць працягвання носьбіта запісу да 5000 мм/с. Можна адначасова даследаваць да 64 розных працэсаў, напрыклад пры вывучэнні вібрацый і дэфармацый у самалётах, турбінах. Электроннапрамянёвы асцылограф прызначаны для непасрэднага назірання і фатаграфавання эл. працэсаў на экране электроннапрамянёвай трубкі (ЭПТ). Сігнал падаецца на вертыкальна адхіляльныя пласціны (шпулі) ЭПТ, напружанне разгорткі пры назіранні часавай залежнасці — на гарызантальна адхіляльныя.
Літ.:
Аршвила С.В., Борисевич Е.С., Жилевич И.И. Электрографические светолучевые осциллографы. М., 1978;
Линт Г.Э. Автоматические осциллографы при измерениях. М., 1972.
П.С.Габец.
т. 2, с. 63
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)