Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БІ́БЛСКАЕ ПІСЬМО́,

біблскае псеўдаіерагліфічнае пісьмо, протабіблскае пісьмо, пісьмо надпісаў на каменных і бронзавых прадметах, знойдзеных у г. Бібл (цяпер Джубейль) у Ліване. Датуецца канцом 3 — пач. 2-га тыс. да н.э. Было адкрыта М.Дзюнанам у 1920-я г. Надпісы — схематызаваныя малюнкі жывёл, раслін, пабудоў, лінейных геам. фігур і інш. Накірунак пісьма справа налева. Ёсць меркаванні, што біблскае пісьмо — папярэднік зах.-семіцкага пісьма.

т. 3, с. 146

БІБО́П

(англ. bepop),

боп, рыбоп, першы стыль т.зв. сучаснага джаза. Склаўся на пач. 1940-х г. у ЗША. У адрозненне ад свінгу выконваецца, як правіла, малымі ансамблямі (камба, 2—8 чал.). Вызначальныя рысы біпопа — павышэнне ролі салістаў-імправізатараў, выкарыстанне голасу ў якасці муз. інструмента. Для біпопа характэрныя насычаныя дысанансам тэмы, ускладненая мелодыка, рытміка, гармонія, фразіроўка. Заснавальнікі стылю Ч.Паркер, Дж.Гілеспі.

т. 3, с. 146

БІБРА́КТА

(Bibracte),

галоўны горад стараж. племя эдуяў (цяпер гарадзішча Мон-Бёўрэ за 27 км ад г. Ацён, Францыя). Пл. каля 135 га, умацаваны валам, сцяной з каменю і дрэва, ровам. Раскопкамі выяўлены каменныя падмуркі жытлаў, майстэрняў, багатых віл. Знойдзена шмат керамікі, а таксама позналатэнскія фібулы, манеты, зброя і інш. У 58 да н. э. Юлій Цэзар разбіў тут кельцкае племя гельветаў. Каля 5 да н. э. насельніцтва горада перасялілася ў г. Аўгустадун (цяпер Ацён), у Бібракце да 4 ст. н. э. заставалася яшчэ свяцілішча мясц. багіні.

А.В.Іоў.

т. 3, с. 146

БІ́ВА,

самае вял. возера ў Японіі, на в-ве Хонсю. Пл. 716 км². Глыб. да 86 м. Сцёк па р. Юда ў заліў Осака Ціхага ак. Злучана каналамі з гарадамі Осака і Кіёта. Суднаходства. Рыбалоўства. Турызм. На паўд. беразе — г. Оцу.

т. 3, с. 146

БІВА́К , бівуак (ням. Biwak), 1) (устар.), стаянка войска па-за населеным пунктам для начлегу ці адпачынку.

2) У пераносным значэнні — месца начлегу па-за домам або ў часовым памяшканні.

т. 3, с. 146

БІГО́САВА,

вёска ў Беларусі, у Верхнядзвінскім р-не Віцебскай вобл., на р. Росіца. Цэнтр сельсавета. Чыг. ст. на лініі Полацк—Даўгаўпілс. За 18 км на ПнЗ ад г. Верхнядзвінск, 193 км ад Віцебска. 2126 ж., 858 двароў (1995). Завод акц. т-ва «Інвет» па выпуску вет. інструменту. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. За 2,5 км ад Бігосава зоаветэрынарны тэхнікум. Чыг. вакзал (1924—26) — помнік архітэктуры стылю «мадэрн».

т. 3, с. 146

БІГ-БЭ́НД

(англ. big band),

тып аркестра класічнага джаза. Склаўся ў канцы 1920-х г. у ЗША. Звязаны са стылем свінг. У адрозненне ад інш. тыпаў джаз-аркестраў мае функцыянальны падзел інструментаў на секцыі: рытмічную (банджа, духавы ці струнны бас, ударныя, фп.) і меладычную (групы труб, саксафонаў, трамбонаў). Сярод найб. вядомых біг-бэндаў аркестры Ф.Хендэрсана, Дз.Элінгтана, Дж.Лансфарда, Б.Гудмена, Т.Дорсі, А.Шоу, Ч.Уэба, К.Бейсі (ЗША), Л.Уцёсава, А.Лундстрэма, Г.Гараняна, А.Крола (Расія), К.Арбеляна (Арменія). На Беларусі ў канцы 1939 — пач. 1940-х г. працаваў Дзярж. джаз-аркестр БССР пад кіраўніцтвам Э.Рознера.

т. 3, с. 146

БІГ-БЭ́НД

(Big Bend),

нацыянальны парк у ЗША, у «вял. лукавіне» р. Рыо-Грандэ, штат Тэхас; біясферны рэзерват. Засн. ў 1935. Пл. 287 тыс. га. Ландшафты горных (выш. ад 500 да 2388 м) і нізінных пустыняў з сукулентамі (агава, кактусы, апунцыя і інш.), зараснікі хмызняку і ўчасткі лесу. У складзе фауны — пекары, чарнахвосты алень, пума. Аб’ект турызму.

т. 3, с. 146

БІДЖАПУ́Р,

феадальная дзяржава (султанат) у паўд.-зах. Дэкане (Індыя) у 1489—1686. Засн. бахманідскім намеснікам Юсуф Адзіл-ханам, які паклаў пачатак дынастыі Адзіл-шахаў. Біджапур быў аслаблены паўстаннямі маратхаў пад кіраўніцтвам Шываджы і войнамі з Маголамі. З 1599 у складзе віцэ-каралеўства Дэкану. У 1686 падпарадкаваны дзяржавай Вялікіх Маголаў.

т. 3, с. 147

БІ́ДЛ

(Beadle) Джордж Уэлс (22.10.1903, Уаху, штат Небраска, ЗША — 9.6.1989),

амерыканскі генетык. Чл. Нац. АН ЗША. Скончыў Небраскі (1926) і Корнелскі (1931) ун-ты. З 1931 у Каліфарнійскім тэхнал. ін-це, з 1936 у Гарвардскім ун-це. З 1937 праф. Станфардскага ун-та, у 1946—61 — Каліфарнійскага тэхнал. ін-та, да 1968 прэзідэнт Чыкагскага ун-та. Навук. працы па біяхім. генетыцы. Адзін з аўтараў (1941) фундаментальнай канцэпцыі: «адзін ген — адзін фермент» (кожны ген адказвае за сінтэз толькі аднаго фермента). Нобелеўская прэмія 1958 (разам з Э.Тэйтэмам і Дж.Ледэрбергам).

т. 3, с. 147