Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

АМІРАНАШВІ́ЛІ (Пётр) (Петрэ) Варламавіч (16.11.1907, с. Нігаіты Ланчхуцкага р-на, Грузія — 26.12.1976),

грузінскі спявак (барытон). Нар. арт. СССР (1950). Бацька М.П.Аміранашвілі. Пасля сканчэння Тбіліскай кансерваторыі (1930) саліст Грузінскага т-ра оперы і балета. Сярод партый: Кіазо («Даісі» З.​Паліяшвілі), Аўтандзіл («Сказанне аб Тарыэлі» Ш.​Мшвелідзе, Дзярж. прэмія СССР 1947), Князь Ігар («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Яга («Атэла» Дж.​Вердзі).

т. 1, с. 319

АМІРА́НІ,

герой стараж. грузінскага нар. эпасу «Аміраніяні», які вучыць людзей, як здабываць агонь і апрацоўваць метал, вызваляе іх ад міфічных пачвар — дэваў. Бог жорстка карае Амірані, прыкаваўшы да скалы Каўказскіх гор. Міф пра Аітрані блізкі да міфаў пра Абрскіла і Праметэя.

т. 1, с. 319

АМІРА́НЦКІЯ АСТРАВЫ́ (Amirantes Islands),

архіпелаг нізінных каралавых а-воў (каля 150) у Індыйскім ак., на ПнУ ад в-ва Мадагаскар, тэр. дзяржавы Сейшэльскія Астравы. Пл. каля 85 км². Плантацыі какосавых пальмаў. Лоўля рыбы і чарапах. Адкрыты ў 1502 партугальцамі, названы ў гонар мараплаўца адмірала Васка да Гамы.

т. 1, с. 319

АМІ́РАЎ (Фікрэт Мешады Джаміль аглы) (22.11.1922, г.. Гянджа — 20.2.1984),

азербайджанскі кампазітар. Нар. арт. СССР (1965). Чл.-кар. АН Азербайджана (1980). Герой Сац. Працы (1982). Аўтар першых нац. лірыка-псіхал. оперы «Севіль» (1953) і сімф. мугамаў «Шур» і «Кюрд-аўшары» (1948), якія паўплывалі на развіццё сімфанізму ў Азербайджане і інш. краінах Усходу.

Сярод інш. твораў: опера «Улдуз» (1948); балеты «Насімі» (1973), «Тысяча і адна ноч» (1979); муз. камедыі «Выкрадальнікі сэрцаў» (1944), «Добрая вестка» (1946); Сімфонія Нізамі (1947); сімф. і арк. творы, рамансы, апрацоўкі нар. песень, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Аўтар кн. «Музычныя роздумы» (1971), «Музычныя старонкі» (1978) і інш. Дзярж. прэміі СССР 1949 і 1980; Дзярж. прэмія Азербайджана 1974.

Літ.:

Виноградов В. Мир музыки Фикрета. Баку, 1983.

т. 1, с. 319

АМІРДАЎЛА́Т (Амаснацы) (1420 або 1425 — 1496),

армянскі ўрач. Аўтар працы «Карысць медыцыны» (1469) пра анатамічныя, фізіялагічныя, гігіенічныя веды; таксама даецца апісанне хвароб, якія былі вядомы сярэдневяковай медыцыне. У працы «Непатрэбнае для невукаў» (1482) прыведзена каля 3000 назваў лек. сродкаў на 6 мовах у алфавітным парадку.

т. 1, с. 319

АМІРХА́Н (Фатых Зарыфавіч) (13.1.1886, Казань — 9.3.1926),

татарскі пісьменнік. Заснаваў прагрэсіўную газ. «Эль-іслах» («Рэформа», 1907—09). Аўтар аповесцяў «Татарская дзяўчына», «Фатхула хазрат» (абедзве 1909), «На раздарожжы» (1912), драмы «Моладзь» (1910) і інш. Змагаўся за рэаліст. мастацтва, выступаў супраць перажыткаў феадалізму, паказваў імкненне тат. моладзі да новага жыцця.

т. 1, с. 319

АМІРЭДЖЫ́БІ (Чабуа) (Мзечабук) Іракліевіч (н. 18.11.1921, Тбілісі),

грузінскі пісьменнік. Вучыўся ў Тбіліскім пед. ін-це. Аўтар зб-каў апавяданняў «Дарога» (1962), «Кошт перавалу» (1966), «Кропля мёду» (1968), аповесці «Міска дзядзькі Шата» (1965). У рамане «Дата Туташхія» (кн. 1—2, 1973—75; сцэнарый фільма «Берагі», 1980, Дзярж. прэмія СССР 1981) адлюстраваны жыццё Грузіі канца 19 — пач. 20 ст. і актуальныя маральна-этычныя праблемы.

т. 1, с. 319

АМІ́Р ХАСРО́Ў ДЭХЛЕВІ́ (1253, г. Паціяла, штат Хар’яна, Індыя — 1325),

індыйскі паэт, вучоны, музыкант. Пісаў на урду, перс. і хіндзі мовах. Яго лірыка сабрана ў 5 дыванах: «Дар юнацтва» (1272), «Сярэдзіна жыцця» (1284), «Паўната дасканаласці» (1293), «Выбраны астатак» (1316), «Мяжа дасканаласці» (1325). На ўзор «Пяцерыцы» Нізамі, абапіраючыся на інд. фальклор, стварыў цыкл з 5 паэм: «Узыходжанне свяцілаў», «Шырын і Хасроў», «Меджнун і Лейла» (усе 1298), «Іскандэрава зярцала» (1299), «Восем райскіх садоў» (1301). Складаў тэсніфы (нар. рамансы). Яму прыпісваюць зборнікі вершаў, загадак, прыказак, слоўнік сінонімаў.

Тв.:

Рус. пер. — Хамса. Маджнун и Лайли: Поэма. М., 1975;

Хамса. Матла’ал-анвар: Поэма. М., 1975;

Избр. газели. М., 1980.

т. 1, с. 318

АМІТО́З (ад а... + мітоз),

прамое дзяленне ядра, адзін са спосабаў дзялення клеткі. Упершыню апісаў ням. біёлаг Р.​Рэмак (1841); тэрмін прапанаваў ням. гістолаг В.​Флемінг (1882). Адбываецца праз падзел ядзерца з наступнай перацяжкай усяго цела ядра без утварэння храмасом і ахрамацінавага верацяна. Пры амітозе, у адрозненне ад мітозу, не забяспечваецца раўнамернае размеркаванне генет. матэрыялу кожнай храмасомы паміж дзвюма даччынымі клеткамі. Часам пры дзяленні ядра ў ходзе амітозу ўтвараюцца мнагаядзерныя клеткі. Амітоз уласцівы некаторым прасцейшым, а таксама клеткам спец. тканак (напр., храстковай, злучальнай) і паталагічных разрастанняў, у прыватнасці пухлінных.

т. 1, с. 319

АМІТО́Н (Аляксандр Навумавіч) (20.12.1911, г. Марыупаль — 6.5.1969),

бел. скрыпач і педагог. Засл. арт. Беларусі (1940). Праф. (1947). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1935). У 1937—51 выкладаў у Бел. кансерваторыі. Выступаў як саліст і ансамбліст, меў у рэпертуары і творы бел. кампазітараў. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу скрыпачоў, віяланчэлістаў і піяністаў (1937—38). Пасля 1951 працаваў у Грузіі і Расіі.

т. 1, с. 319