АМА́Н ДАГАВО́РНЫ,
назва былога брыт. пратэктарата на Аравійскім п-ве. З 1971 незалежная дзяржава Аб’яднаныя Арабскія Эміраты.
т. 1, с. 305
АМАПА́
(Amapá),
федэральная тэрыторыя на Пн Бразіліі. Пл. 140,3 тыс. км². Нас. 268 тыс. чал. (1990). Адм. Цэнтр — г. Макапа. Буйныя запасы марганцавых рудаў.
т. 1, с. 306
АМА́РА,
горад на ПдУ Ірака, адм. ц. мухафазы Майсан. 130 тыс. ж. (1985). Вузел шашэйных дарог. Перапрацоўка с.-г. прадукцыі (рыс, фінікі); цукр. завод. Паблізу Амары — цэлюлозна-папяровы камбінат.
т. 1, с. 306
АМАРАЛІ́ЗМ
(ад а... + лац. moralis маральны),
адмаўленне маральных асноў грамадства, ігнараванне агульнапрынятых нормаў паводзін. Да амаралізму можна аднесці цынізм, крайні нігілізм, адкрыты эгаізм, чалавеканенавісніцтва. Праяўленні амаралізму могуць спараджацца сац. прычынамі, маральна-псіхал. неразвітасцю індывіда. У свядомасці і паводзінах людзей амаралізм больш пашыраецца ў перыяды сац. крызісаў.
В.А.Паўлоўская.
т. 1, с. 306
АМА́РНА,
Эль-Амарна, паселішча ў Егіпце на ўсх. беразе Ніла, за 312 км на Пд ад Каіра. Каля Амарны знаходзяцца руіны стараж. горада Ахетатона. Гл. Тэль эль-Амарна.
т. 1, с. 306
АМАРТЫЗА́ТАР,
прыстасаванне для аховы канструкцый машын і збудаванняў ад удараў і дынамічных нагрузак. Змяшчаецца паміж целам, якое ўспрымае і перадае ўдарную нагрузку, і целам, што засцерагаецца ад яе ўздзеяння (напр., паміж заднім мостам і кузавам аўтамабіля). У амартызатары выкарыстоўваюцца пругкія ўласцівасці цвёрдых целаў (гумавых элементаў, рысораў, тарсіёнаў), гідраўлічных спружын і газаў. Устанаўліваюцца ў сукупнасці з дэмпферам (часта ў адным блоку). Асн. тыпы амартызатараў: спружынны, гумавы, фрыкцыйны, пнеўматычны, гідраўлічны, гідрапнеўматычны (спалучае асаблівасці гідраўл. і пнеўматычнага амартызатара).
т. 1, с. 306
АМАРТЫЗА́ЦЫЯ
(ад позналац. amortisatio пагашэнне),
паступовы перанос кошту асноўных вытворчых фондаў на кошт атрыманай на гэтых фондах гатовай прадукцыі. Абумоўлена неабходнасцю кампенсацыі зносу фондаў і забеспячэння поўнай іх замены пры выбыцці з вытв-сці. На гэта робяцца амартызацыйныя адлічэнні — уключэнне часткі кошту асн. фондаў у сабекошт прадукцыі. Яны вызначаюцца пераважна як працэнт (норма амартызацыі) ад кошту асн. фондаў і налічваюцца на працягу амартызацыйнага перыяду. Такія адлічэнні паступова назапашваюцца на рахунках прадпрыемства і разам з прыбыткам з’яўляюцца крыніцай фонду для набыцця новых машын, абсталявання, павышэння тэхн. ўзроўню вытв-сці, каб забяспечыць канкурэнтаздольнасць прадукцыі і прадпрыемства. Нарматывы амартазацыі і метады яе налічэння зацвярджаюцца органамі дзярж. кіравання. У якасці нарматываў выкарыстоўваюцца норма амартызацыі і патонная стаўка. Норма амартазацыі — цэнтралізавана ўстаноўлены гадавы працэнт пагашэння кошту асн. фондаў ва ўсіх галінах нар. гаспадаркі і практычна для ўсіх відаў асн. фондаў. Залежыць ад нарматыўнага тэрміну службы асн. фондаў: чым ён карацейшы, тым большая норма амартызацыі. У здабыўных галінах тэрмін службы некаторых асн. фондаў (спецыялізаваныя будынкі, горныя выпрацоўкі і інш.) вызначаецца не фізічным зносам, а памерамі запасаў карысных выкапняў. Для гэтых відаў асн. фондаў у якасці нарматыву амартызацыі выкарыстоўваецца патонная стаўка — велічыня кошту асн. фондаў у разліку на 1 т запасаў карысных выкапняў. Гадавыя амартызацыйныя адлічэнні пры гэтым вызначаюцца як здабытак патоннай стаўкі на гадавы аб’ём здабычы карысных выкапняў.
У залежнасці ад метадаў налічэння адрозніваюць раўнамерную, паскораную і ўзрастаючую амартызацыю. Пры раўнамернай амартызацыі кошт асн. фондаў пераносіцца на сабекошт прадукцыі роўнымі часткамі на працягу ўсяго амартызацыйнага перыяду, што не адпавядае дынаміцы фізічнага і маральнага зносу асн. фондаў, не забяспечвае своечасовае фарміраванне фін. сродкаў прадпрыемства для абнаўлення тэхнікі. Пры паскоранай амартызацыі ў першы год службы асн. фондаў на сабекошт прадукцыі пераносіцца найб. частка іх кошту. Пры ўзрастаючай амартызацыі сума амартызацыйных адлічэнняў штогод павялічваецца і дасягае макс. велічыні ў апошні год амартызацыйнага перыяду. Гэта стымулюе замену старой тэхнікі на новую, таму што к канцу амартызацыйнага перыяду яе эксплуатацыя становіцца не эфектыўнай.
Адносіны дзяржавы да амартызацыі характарызуюць яе адносіны да навукова-тэхн. прагрэсу. Пры паскоранай (5 гадоў і менш) амартызацыі ў развітых краінах тэрміны спісання абсталявання перавышаюць тэрміны яго рэальнага зносу, што азначае падатковую субсідыю прадпрыемствам. Гэта павышае ўзровень накаплення і самафінансавання, спрыяе нарошчванню асн. капіталу ў навукаёмістых галінах, прагрэс. структурным зрухам у эканоміцы. На паскарэнне тэмпаў навукова-тэхн. прагрэсу накіраваны і інш. метады амартызацыі ў гэтых краінах: вытв. метад, метад раўнамернага прамалінейнага спісання кошту абсталявання, метад спец. амартызацыі.
Л.А.Лобан.
т. 1, с. 307
АМА́РЫ
(Homaridae),
сямейства дзесяціногіх марскіх ракаў. 36 відаў. Водзяцца ў Атлантычным ак. і ў злучаных з ім морах. Нагадваюць рачных ракаў, але большыя памерамі. Найб. вядомыя: еўрапейскі амар (Homarus gammarus), даўж. да 65 см, маса да 11 кг; амерыканскі амар (Н. americanus), даўж. да 63 см, маса 15 кг; нарвежскі амар (Nephrops norvegicus), даўж. да 32 см, маса 7 кг.
Жывуць на скалістым, камяністым або жвірыстым грунце. Удзень хаваюцца сярод камянёў, ноччу кормяцца малюскамі і інш. беспазваночнымі. Характэрна наяўнасць магутных клюшняў на першай пары хадзільных ног, наступныя 2 пары з клюшнямі меншых памераў. Растуць павольна, жывуць да 50 гадоў. Палавой спеласці дасягаюць на 6-м годзе. Далікатэс, аб’ект промыслу і развядзення.
т. 1, с. 307
АМАРЫ́ЛІС
(Amaryllis),
род кветкавых раслін сям. амарылісавых. Адзін від — амарыліса красуня (A. belladonna) расце ў Паўд. Афрыцы (эндэмік Капскай біягеаграфічнай вобласці). На Беларусі вырошчваюць у пакаёвай культуры, цяпліцах і аранжарэях амарыліс гібрыдны, атрыманы ад скрыжавання амарыліса красуні з рознымі відамі гіпеаструма.
Шматгадовая травяністая расліна з буйнымі грушападобнымі цыбулінамі. Лісце скурыстае, бліскучае, рэменепадобнае. Кветкі буйныя (да 26 см у дыям.), лейкападобныя, духмяныя, сабраныя па 2—12 на канцы доўгага (да 70 см) кветканоса ў парасонік; розных колераў (белыя, чырвоныя, ружовыя, аранжавыя, крэмавыя, іншы раз стракатыя, са штрыхамі і плямамі). Цвіце зімою, ранняй вясною. Плод — каробачка з буйным чорным насеннем. Размнажаецца цыбулінамі-дзеткамі. Святлалюбны.
т. 1, с. 307