АДАМО́Ў
(Adamov) Арцюр (28.8.1908, г. Кіславодск, Расія — 15.3.1970),
французскі драматург. У 1914 сям’я эмігрыравала з Расіі. Вучыўся ў Майнцы і Жэневе. З 1924 жыў у Парыжы. Літ. дзейнасць пачаў у канцы 1920-х г. сюррэалістычнымі вершамі. У 1942 быў вязнем канцлагера. Адчаем і разгубленасцю прасякнуты яго «Жахлівы дзённік» (1943) і аўтабіягр. аповесць «Прызнанне» (1946). У п’есах для «тэатра абсурду» (стваральнікам якога ён быў разам з Э.Іанеска і С.Бекетам) «Пародыя», «Уварванне» (абедзве 1950), «Прафесар Таран» (1953) і інш. паказваў безвыходнасць, трагічную марнасць, абсурднасць жыцця, непазбыўную адзіноту. У фарсе «Усе супраць усіх» (1953) чалавек — марыянетка гіст. сітуацыі — то кат, то ахвяра. Вострая сац. праблематыка вызначае п’есы для паліт. тэатра: камедыю «Пінг-понг» (1955), трагіфарс «Паола Паолі» (1957), паліт. гратэск «Палітыка адкідаў» (1962), трагікамедыю «Святая Еўропа» (1966), драму «Звыш меры» (1968) і інш. Аўтар зб. артыкулаў пра тэатр «Тут і зараз» (1964), кн. ўспамінаў «Чалавек і дзіця» (1968). Перакладаў п’есы А.Чэхава і М.Горкага, інсцэніраваў «Мёртвыя душы» М.Гогаля.
Тв.:
Рус. пер. — Паоло Паоли // Пьесы современной Франции. М., 1960;
Весна семьдесят первого. М., 1968.
Літ.:
Проскурникова Т.Б. Французская антидрама. М., 1968.
т. 1, с. 92
АДА́МПАЛЬ,
вёска ў Беларусі, у Нягневіцкім с/с Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. За 19 км на ПнУ ад Навагрудка, 40 км ад чыг. ст. Наваельня. 24 ж., 10 двароў (1994).
Заснавана каля 1810 Адамам Храптовічам (ад яго імя і назва вёскі) у маёнтку Нягневічы, купленым у кн. Радзівіла. У 2-й пал. 19 ст. адна з лепшых гаспадарак Рас. імперыі (упершыню на Беларусі выкарыстоўваліся шматпольныя севазвароты, меліяраваныя палі, наладжаны выраб галандскіх і швейцарскіх сыроў, якія збывалі за мяжу). У 1896 у фальварку Адампаль працавалі спіртзавод (з 1878), млын, маслабойня, майстэрні, хлебазапасны магазін. У 1915 з-за акупацыі герм. войскамі фальварак спыніў дзейнасць. У 1921—39 у складзе Польшчы. У 1930-я г. ў Адампалі дзіцячы прытулак, з 1944 дзіцячы дом, з 1960-х г. спец. школа-інтэрнат.
т. 1, с. 93
А́ДАМС
(Adams) Джон (19.10.1735, Куінсі, штат Масачусетс, ЗША — 4.7.1826),
дзяржаўны дзеяч ЗША. У час Вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 член 1-га і 2-га Кантынентальных кангрэсаў. Удзельнічаў у падпісанні Версальскага мірнага дагавора 1783. Першы пасланнік ЗША у Англіі (1785—88), пазней адзін з лідэраў партыі федэралістаў. У 1789—97 — віцэ-прэзідэнт, у 1797—1801 прэзідэнт ЗША. У час прэзідэнцтва Адамсам прыняты ў 1798 законы «Аб іншаземцах» і «Аб натуралізацыі» — супраць рэв. эміграцыі з Еўропы.
т. 1, с. 93
А́ДАМС
(Adams) Джон Каўч (5.6.1819—21.1.1892),
англійскі астраном. Прэзідэнт Лонданскага астр. т-ва, дырэктар Кембрыджскай астр. абсерваторыі (з 1861). Працы па нябеснай механіцы (асн. з іх — тэарэтычнае вызначэнне векавога паскарэння Месяца). На аснове матэм. аналізу няправільнасцяў у руху планеты Уран незалежна ад У.Левер’е ў 1845 адкрыў планету Нептун. Прапанаваў рознасны метад лікавага інтэгравання звычайных дыферэнцыяльных ураўненняў першага парадку.
т. 1, с. 93
А́ДАМС
(Adams) Джон Куінсі (11.7.1767, Куінсі, штат Масачусетс, ЗША — 23.2.1848),
дзяржаўны дзеяч ЗША, дыпламат. Сын прэзідэнта Дж.Адамса. Першы пасланнік ЗША у Расіі (1809—14), садзейнічаў умацаванню рас.-амер. адносін. У 1815—17 пасланнік ЗША у Англіі. У 1825—29 прэзідэнт ЗША. Адзін з аўтараў Манро дактрыны. Выступаў у кангрэсе як прадстаўнік памяркоўнага крыла праціўнікаў рабства.
т. 1, с. 93
А́ДАМС
(Addams) Джэйн (6.9.1860, Седэрвіл, штат Ілінойс, ЗША — 21.5.1935),
грамадскі дзеяч ЗША. Дзеяч амер. сац. рэфармізму і міжнар. жаночага руху, пацыфістка. У 1889 заснавала ў Чыкага Хал-хаўс — комплекс сац., культ.-асв. і інш. устаноў для беднякоў-імігрантаў. Віцэ-прэзідэнт Амер. асацыяцыі за выбарчае права жанчын (1911 — 14), старшыня Жаночай партыі міру (з 1915), прэзідэнт Міжнар. жаночай лігі за мір і свабоду (1919—29). Нобелеўская прэмія міру 1931 (разам з Н.Батлерам).
т. 1, с. 93
А́ДАМС
(Adams) Сэмюэл (27.9.1722, г. Бостан — 2.10.1803),
амерыканскі паліт. дзеяч, адзін з арганізатараў вызв. барацьбы ў час Вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83. Кіраваў рэв. арг-цыяй «Сыны свабоды». Заснаваў Карэспандэнцкі к-т у Бостане (1772), на ўзор якога ва ўсіх англ. калоніях былі створаны падобныя рэв. органы ўлады. Выступаў за прыняцце «Біля аб правах» і адмену рабства. У 1794—97 губернатар штата Масачусетс.
т. 1, с. 93
А́ДАМСАН
(Adamson) Амандус Генрых (12.11.1855. г. Палдыскі, Эстонія — 26.6.1929),
эстонскі скульптар. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1876—79), акадэмікам якой выбраны ў 1907. У традыцыях рус. рэаліст. скульптуры выкананы найб. вядомыя яго работы: «Апошняе дыханне карабля» (1899), «Русалка» — помнік маракам, што загінулі на браняносцы «Русалка» (1902, Талін), помнік Чарнаморскай эскадры, затопленай у час Крымскай вайны (1905, Севастопаль).
т. 1, с. 93
АДАМСІ́Т,
дыгідрафенарсазінхларыд, HN(C6H4)2AsCl, гетэрацыклічнае злучэнне мыш’яку. Атрутнае рэчыва слёзатачывага дзеяння. Жоўтыя крышталі, tпл 195 °C. Лятучы, нерастваральны ў вадзе і большасці арган. растваральнікаў, хімічна ўстойлівы. Як хім. зброя ўпершыню выкарыстаны ў 1-ю сусв. вайну.
т. 1, с. 93